Воскресенье, 19 января 2025

Першыя заняткі для ўдзельнікаў гуртка юных карэспандэнтаў з Ружан правялі карэспандэнты «Раённых будняў»

226

Прафесія журналіста і ў мінулыя часы была запатрабаванай грамадствам. А сёння яна стала вельмі актуальнай у сувязі з тым патокам інфармацыі, які ідзе праз розныя сродкі распаўсюджвання. Справа ў тым, што зніжэнне адказнасці і так званая ананімнасць у віртуальнай прасторы падштурхоўваюць нядобрасумленных «карэспандэнтаў» рыхтаваць усё тое, што мы зараз абагульняем пад назвай «фэйкі». Сапраўднаму журналісту зараз даводзіцца па крупінках збіраць, дбайна сартаваць і літаральна прасейваць праз дробнае сіта ўсе атрыманыя звесткі. Што патрабуе неверагоднага прафесіяналізму, пільнасці і велізарнага вопыту. Не толькі тэарэтычнага, але і практычнага. Словам, пачынаць рыхтаваць умелага работніка варта са школьнай парты.

З гэтай нагоды сёлета па ініцыятыве рэдакцыі ў дзвюх школах раёна — Ліноўскай і Ружанскай СШ — пачалі дзейнічаць гурткі «Юны карэспандэнт». Зрэшты, падобныя аб’яднанні па інтарэсах дзейнічалі ва ўстановах адукацыі раёна раней, выхаванцы на іх знаёміліся з азамі прафесіі карэспандэнта. Мы вырашылі ўдасканаліць працэс, дадаць у яго і частку практыкі. Каб дзеці на ўласным прыкладзе адчулі перавагі спецыяльнасці і, магчыма, выбралі адпаведнае ВНУ для атрымання прафесіянальнай падрыхтоўкі.

Чаму такое супрацоўніцтва наладжваецца толькі ў дзвюх школах? Па-першае, мы самі пакуль з’яўляемся піянерамі ў гэтай дзейнасці, паступова будзем выяўляць падводныя камяні, каб у будучым распаўсюдзіць атрыманы сумесны вопыт на іншыя навучальныя ўстановы. А таксама будзем імкнуцца да таго, каб сваю ацэнку далі і чытачы «раёнкі», з якімі мяркуем перыядычна знаёміць з творчасцю юнкараў.

Па-другое, мы праводзім уласнае сацыялагічнае даследаванне: наколькі прафесія журналіста цікавая моладзі. Зыходзячы з гэтага, мы адкрыты для дадатковых прапаноў, больш таго, з радасцю адгукнёмся на любыя ініцыятывы.

Па-трэцяе, тэарэтычную праграму сур’ёзна разнастаілі практычнымі дапаўненнямі. І вось у чым яны заключаюцца.

Першыя, уводныя, заняткі ўжо прайшлі ў Ружанскай і Ліноўскай школах. З дзецьмі сустрэліся прадстаўнікі газеты, пагаварылі пра тэмы, цікавыя для нас і для школьнікаў. Дыялог атрымаўся даволі канструктыўны, было бачна, што прапановы і падыходы падлеткаў сапраўды зацікавілі. Безумоўна, часткова заняткі гурткоў пройдуць у тым жа ключы, што і раней. Са свайго боку рэдакцыя газеты прапанавала моладзі не толькі пазнаёміцца з тэорыяй журналісцкай дзейнасці, але і набыць практычныя навыкі гэтай прафесіі. Дзеля чаго на спецыяльна падрыхтаваных сустрэчах будуць арганізаваны гутаркі з кожным творчым супрацоўнікам «Раённых будняў», які раскажа пра тую прафесійную галіну, якой ён займаецца ў газеце. У прыватнасці, вэб-журналістыка і публікацыі ў інтэрнэт-дадатках «Раённых будняў», фотасправа і яе сакрэты менавіта ў газетным накірунку. А яшчэ будуць размовы пра правядзенне журналісцкага расследавання, пра падрыхтоўку рэпартажных справаздач і многае іншае. Напэўна, узнікнуць дадатковыя прапановы, аб якіх мы таксама можам дасканала расказаць.

Пасля кожнай такой лекцыі прадугледжана «Дамашняе заданне», якое не з’яўляецца абавязковым, але выканаць яго будзе не менш цікава. У тым ліку і за своеасаблівую «ацэнку». Апошняе азначае, што зробленая лепш за іншых работа (а можа, і не адна) будзе абавязкова апублікавана ў газеце на суд журы — нашай чытацкай аўдыторыі. І, зразумела, з выплатай юнаму аўтару аўтарскага ўзнагароджання.

Каб разнастаіць канікулы дзяцей, якія наведваюць гурток «Юны карэспандэнт», будзе прапанаваны «Практыкум» з запрашэннем школьнікаў у рэдакцыю. На практычным мерапрыемстве «Дзень у рэдакцыі» будуць арганізаваны практыка рэдагавання свежага выпуску газеты, выезды на асвятленне падзей, падрыхтоўка рэпартажаў або фотаальбомаў.

А напрыканцы навучальнага года пройдзе фінальная сустрэча з прадстаўнікамі газеты, на якой падвядзём вынікі нашага супрацоўніцтва, і школьнікі, якія паказалі найлепшыя рэзультаты, будуць адзначаны спецыяльнымі падарункамі на памяць ад «Раённых будняў».

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік

На здымках: першы практычны занятак гуртка «Юны карэспандэнт» у Ружанскай школе.