Ці зможаце вы сабе ўявіць урок, на якім дазваляецца глядзець мультфільмы, гуляць з мабільнікам і есці смачныя цукеркі? Дарослыя лічаць, што ўсё гэта толькі адцягвае ўвагу дзяцей. Вось толькі не ўсе прытрымліваюцца такога меркавання. Напрыклад, настаўніца англійскай мовы СШ №1 імя ЧБВА А.М.Трафімчук упэўнена: тое, што вучням падабаецца і забараняецца дарослымі, можна эфектыўна выкарыстоўваць на ўроках. Тады і засваенне новага матэрыялу будзе ісці значна хутчэй і лягчэй. У чым мы пераканаліся, калі наведалі ўрок, які праводзіла Алена Мікалаеўна.
Трэба сказаць, што выбралі мы яе кандыдатуру нездарма. А.М.Трафімчук сёлета стала ўдзельніцай спецыяльнай праграмы «Настаўнік для Беларусі», якая рэалізуецца ў нашай краіне з 2019 года.
Праграма «Настаўнік для Беларусі» рэалізуецца Мясцовым адукацыйным фондам «Новая школа», які створаны згодна з пагадненнем Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і «БПС-Ашчадбанк».
Гэты праект накіраваны на забеспячэнне роўнасці адукацыйных магчымасцей для дзяцей у любых кутках нашай краіны. Здаецца, навошта падобнае ўкараняць, калі ўсе беларускія школы працуюць па адзіных вучэбных планах? І аб’ём інфармацыі, якую атрымліваюць юныя жыхары Мінска, нічым не адрозніваецца ад таго, чаму вучаць у Пружанах. Гэта сапраўды так, але варта прызнаць, што матэрыяльныя магчымасці сталічных школ значна пераўзыходзяць тыя рэсурсы, што даступны правінцыйным педагогам.
Аднак дамагчыся роўнасці толькі матэрыяльнымі сродкамі немагчыма, неабходны настаўнікі, якія ўмеюць і, галоўнае, жадаюць карыстацца сучаснымі навучальнымі інструментамі.
Вось і вядзецца пошук такіх апантаных спецыялістаў у правінцыйных школах апошнія два гады.
У 2019 годзе ўдзельнікамі праекта стала дзевяць настаўнікаў з 5 школ з усёй Беларусі. На наступны год іх колькасць павялічылася да 31 чалавека (з 19 школ). У 2021 годзе праграма ахапіла ўжо 38 удзельнікаў (з 29 школ).
Як трапіць у праект?
У праект бяруць не ўсіх жадаючых. Як расказвае Алена Мікалаеўна, адбор вёўся ў некалькі этапаў. З саіскальнікамі праводзілася гутарка, падчас якой вывучаліся прафесійныя здольнасці спецыяліста, тое, якія мэты ён ставіць перад сабой і да якіх змяненняў імкнецца. На другім этапе адабраныя кандыдаты рыхтавалі фрагмент анлайн-урока. Для ацэнкі падрыхтоўкі саіскальнікаў створана журы, у склад якога ўключаны настаўнікі-метадысты (вышэйшая кваліфікацыйная ступень у нацыянальнай адукацыйнай сістэме). Заключным этапам з’явіўся летні інтэнсіў, на які сабраліся ўсе кандыдаты на ўдзел у праграме. Для іх праводзілі семінары і лекцыі.
У бягучым годзе жаданне ўдзельнічаць у праекце выказала 109 саіскальнікаў. З іх было адабрана 18 чалавек, у тым ліку адзін педагог з Пружанскага раёна.
Такая дадатковая падрыхтоўка, як адзначае А.М.Трафімчук, дае не толькі метадычную пад-трымку, але дазваляе дзяліцца вопытам з калегамі. У дадатак, наладжваюцца прафесійныя сувязі, за кожным удзельнікам замацоўваецца куратар і метадыст, да якіх можна заўсёды звярнуцца па вырашэнне розных пытанняў.
Якую падтрымку атрымліваюць удзельнікі праграмы?
— Мне хочацца ўнесці змены ў той адукацыйны працэс, што зараз прыняты ў нашай сістэме, — зазначае Алена Мікалаеўна. — Дакладней, хачу выйсці за дзеючыя рамкі, пашырыць межы, якія ўсталяваны тэарэтычным падыходам, дадаць у яго больш практыкі.
У гэтым жаданні ўдзельнікаў праграмы актыўна падтрымліваюць арганізатары. Па-першае, акрамя метадычнай дапамогі, аказваецца і матэрыяльная падтрымка. Кожны настаўнік для Беларусі атрымлівае ноўтбук для работы, яму выплачваецца дадатковая стыпендыя. Па-другое, педагог-удзельнік можа звярнуцца да куратараў з просьбай дапамагчы ў арганізацыі розных мерапрыемстваў. Напрыклад, Алена Мікалаеўна плануе правесці ўрок англійскай мовы, у якім непасрэдны ўдзел прыме носьбіт гэтай мовы. Для чаго зараз устанаўліваюцца пэўныя кантакты з пасольствамі англамоўных краін у Беларусі. Ці зможа пружанскі настаўнік самастойна запрасіць на ўрок у сваю школу якога-небудзь супрацоўніка пасольства Вялікабрытаніі? Пытанне рытарычнае, бо адказ на яго відавочны. А для настаўніцы англійскай мовы СШ №1 імя ЧБВА гэта не мары, а канкрэтныя планы. І іх нямала, напрыклад, ужо прапрацоў-ваецца пытанне правесці ў школе кніжную выставу з сучаснымі выданнямі на англійскай мове.
Якім чынам аналізуюцца вынікі праекта?
Праграма разлічана на два гады, на працягу якіх за ўдзельнікамі ўстаноўлены пільны кантроль. Кожны месяц праводзіцца куратарская анлайн-сустрэча, аналізуюцца планы і ацэньваюцца вынікі. Таксама штомесяц А.М.Трафімчук павінна здымаць на відэа свае ўрокі і адпраўляць іх метадыстам.
Запланавана і рэальная сустрэча з куратарам, які хоча пабываць на ўроку Алены Мікалаеўны.
Па папярэдніх выніках А.М. Трафімчук ужо залічана на курс «Актыўнай ацэнкі».
Як гэта працуе?
Не ведаем, якія высновы зробіць для сябе спецыяліст, а для нас было дзіўна назіраць за тым, як арганізаваны працэс у 11-м класе СШ №1 імя ЧБВА. За 45 мінут настаўніца выкарыстала не больш за пяць слоў на роднай мове: толькі для таго, каб перакласці незнаёмыя дзецям словы. Усе зносіны вядуцца па-англійску, прычым і педагог, і яе вучні з лёгкасцю выказваюць свае думкі. У дадатак, як ужо было адзначана, школьнікі з задавальненнем паглядзелі мультфільм па тэме, а потым ахвотна пагулялі на мабільніках у гульні кшталту «Хто хоча стаць мільянерам?», толькі ў англамоўным варыянце. Настаўніца таксама падзялілася з падлеткамі салодкімі прысмакамі, якія заахвоцілі іх актыўна адказваць.
Як лічыць А.М.Трафімчук, нельга розныя захапленні дзяліць на негатыўныя і пазітыўныя. Усё карысна, але ў меру.
— І тое, што падабаецца падрастаючаму пакаленню, я імкнуся актыўна выкарыстоўваць, бо тады вучобу дзеці перастаюць успрымаць, як сумны абавязак, і з задавальненнем уцягваюцца ў навучальны працэс.
Адзін з такіх метадаў яна выкарыстала ў мінулым годзе, калі наладзіла сувязь са школьнікамі адной з бельгійскіх школ. На замежнай мове быў арганізаваны дыспут на тэму «Чый шакалад больш смачны?», а для практычнага аналізу вырашылі абмяняцца пасылкамі з прысмакамі. На жаль, планы спрацавалі толькі ў адзін бок: юныя пружанцы паспрабавалі бельгійскія цукеркі, а вось беларускі шакалад мытнікі чамусьці вярнулі назад. Таксама знялі на відэа адзін з урокаў, на якім дзеці забаўляліся з рэчамі і цацкамі, якія ім вельмі падабаюцца. Зразумела, што свае дзеянні яны каментавалі па-англійску.
Усё гэта А.М.Трафімчук выкарыстоўвае толькі з адной мэтай: павысіць самаацэнку дзяцей, надаць ім упэўненасці ў выбары будучай прафесіі. Ведаў, атрыманых у школе, як адзначае Алена Мікалаеўна, ім хапае. А вось уменню іх выкарыстоўваць трэба вучыць.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік