Среда, 26 марта 2025

Губернатор Анатолий Лис провел выездной прием в Пружанах

1 534

Працягваючы практыку выязных прыёмаў грамадзян, першага сакавіка старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс  выслухаў жыхароў Пружаншчыны.Усяго на прыём да кіраўніка вобласці запісаліся восем чалавек. Амаль за тры гадзіны Анатоль Васільевіч разгледзеў больш за дзясятак праблемных пытанняў, якія перад ім узнялі жыхары раёна. Разам з ім у сутнасць праблем унікалі прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама раённых службаў і арганізацый. Варта адзначыць, што шэраг пытанняў, якія былі агучаны на прыёме, мелі не толькі асабісты, але і грамадскі інтарэс.

Дык што хвалюе жыхароў Пружаншчыны, якія праблемы яны імкнуліся вырашыць з дапамогай абласной выканаўчай улады?

Жыхарка горада, якая жыве па вуліцы Свабоды, напрыклад, прадстаўляла інтарэсы ўсіх жыльцоў трохкватэрнага дома. Яны, безумоўна, удзячны за добраўпарадкаванне тэрыторыі каля дома, якое было зроблена за апошні час. Але для іх куды больш важнае вырашэнне іншай праблемы: людзі хацелі б газіфікаваць свае кватэры, але гэты дом быў прызнаны аварыйным. Адпаведнае рашэнне аб непрыдатнасці жылля для пражывання было прынята яшчэ ў 2005 годзе. Праўда, за гэты час, згодна з заканадаўствам, дакумент страціў сілу.

«Патрабуецца паўторнае даследаванне дома, — рэзюмаваў Анатоль Васільевіч, даючы даручэнне мясцовай уладзе. — Трэба шукаць шляхі вырашэння праблемы, згодна з заканадаўствам. Калі дом акажацца прыдатным, разам з суседзямі па долевым прынцыпе можна будзе пачынаць газіфікацыю, а калі не — рашэнне на правядзенне гэтых работ ніхто не дасць».

Зыходзячы з літары закона, канчатковае рашэнне па ўзнятым пытанні не было прынята: кіраўнік вобласці параіў жанчыне напісаць адпаведную заяву, а раённым службам даў месяц на разбіральніцтва.       

 

Адразу некалькі праблем агучылі губернатару жанчыны, якія прыехалі з г.п.Ружаны. Пенсіянеркі, якія прасілі па магчымасці дапамагчы, агучвалі  пытанні, актуальныя  на пасялковым узроўні. Паводле слоў жанчын, пасялкоўцаў на сённяшні дзень больш за ўсё непакояць дзве праблемы — стан дарог і якасць пітной вады.

Аб замене гравійнага пакрыцця на асфальтавае на другарадных вуліцах пасёлка не можа ісці гаворкі: у 2016 годзе на рамонт і добраўпарадкаванне дарог у цэнтры пасёлка і па вуліцы Леніна з абласнога бюджэту было выдзелена каля 600 тысяч дэнамінаваных рублёў. Анатоль Васільевіч выказаў перакананасць у тым, што сродкі былі накіраваны правільна: «Згадзіцеся, немэта-згодна было б пакінуць вуліцу з інтэнсіўным аўтамабільным рухам у выбоінах і без належнага тратуара».

Дарэчы, якасць зробленай тратуарнай дарожкі жанчыны раскрытыкавалі. Кіраўнік вобласці даручыў зрабіць праверку  і, калі недахопы сапраўды маюць месца, ухіліць іх за кошт арганізацыі, якая выконвала работы.

Што тычыцца праблемы пітной вады, мясцовыя ўлады атрымалі даручэнне прыступіць сёлета да будаўніцтва воданапорнай вежы. Справа ў тым, што ў Ружанах праблемы не толькі з якасцю вады (згодна з аналізамі, узровень утрымання жалеза каля 1 мг/дм3), але і з яе колькасцю. У 2016 годзе замест вежы з рэзервуарам аб’ёмам у 300 кубічных метраў, які выйшаў са строю, была ўстаноўлена новая магутнасцю ўсяго 25 кубічных метраў. Праблему з вадой вырашана вырашаць паступова. «Вадой людзі павінны быць забяспечаны. На будаўніцтва вежы мільярды не патрэбны. У бягучым годзе для будаўніцтва ў Ружанах станцыі абезжалезвання сродкаў у бю-джэце не прадугледжана, а ў наступным, калі дазволяць сродкі, будзем будаваць», — паабяцаў Анатоль Ліс.

Варта адзначыць, што Пружанскім КУВП «Камунальнік» ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў г.п.Ружаны. Кошт работ ацэньваецца ў 450 тысяч рублёў.

Нягледзячы на тое, што не ўсе пытанні паабяцалі вырашыць, жыхаркі Ружан засталіся задаволенымі размовай з губернатарам.

Таксама жанчыны закранулі пытанне гандлёвага забеспячэння насельніцтва Ружан: у прыватнасці, звярнулі ўвагу на малы асартымент прамысловых тавараў, вялікую розніцу ў гандлёвых надбаўках на аднолькавыя тавары ў магазінах сеткі Пружанскага райспажыўтаварыства. Увага губернатара была звернута на скарачэнне бальнічных ложкаў Ружанскай гарбальніцы, запатрабаванасць якіх вышэй 100%. «Канешне, калі ложкі запаўняюцца, скарачаць іх не трэба, — згадзіўся Анатоль Васільевіч. — Увогуле, у  медабслугоўванні  ў бліжэйшым будучым ухіл будзе рабіцца на паліклінічнае звяно з дзённым стацыянарам».

Напрыканцы размовы, у якой таксама закраналіся праблемы азелянення, навядзення парадку на пасялковых могілках, пенсіянеркі папрасілі кіраўніка вобласці разгледзець магчымасць правядзення абласных «Дажынак»у Ружанах.   

Сярод  пытанняў, якія хвалявалі іншых грамадзян, — узровень заработнай платы, работа судовых выканаўцаў, землекарыстанне.

Падводзячы вынікі прыёму, Анатоль Ліс зазначыў журналістам: «Добра, што ёсць такія людзі, як у Ружанах, — нераўнадушныя да праблем той мясцовасці, дзе нарадзіліся і жывуць. Пытанні, якія яны ўздымаюць, сапраўды надзённыя для ўсіх пасялкоўцаў: добраўпарадкаванне, парадак на могілках, медыцынскае абслугоўванне, работа гандлю. І яны абсалютна правільна на іх звяртаюць увагу. На жаль, не заўсёды мы можам вырашыць усе пытанні, якія ставяцца перад уладай. Канешне, дзяліць насельніцтва нельга: маўляў, там дзесяць чалавек жыве, а там — тысяча — умовы пражывання ва ўсіх павінны быць аднолькавыя. Проста для гэтага не заўсёды  хапае сродкаў».

Сярод праблем, якія неабходна вырашаць у абавязковым парадку, губернатар назваў забеспячэнне вадой, азеляненне. «Няправільна, калі дрэвы спілоў-ваюць, а ўзамен нічога не высаджваецца. Ёсць жа палажэнне, згодна з якім замест аднаго зрэзанага трэба пасадзіць дзесяць», — нагадаў Анатоль Васільевіч. Ігнараванне такога парадку ў Ружанах ён лічыць недапрацоўкай сельвыканкама. Увогуле, для Ружан, якія прэтэндуюць на міні-турыстычны цэнтр Брэстчыны, добраўпарадкаванне іграе не апошнюю ролю ў прыцягненні турыстаў, таму «запускаць» пасёлак губернатар лічыць недапушчальным.

Акрамя таго, у размове з журналістамі была закранута тэма прадпрымальніцкай ініцыятывы. «Перш за ўсё сёння стаіць задача «разняволіць» чалавека, даць яму магчымасць займацца ўласнай справай. Галоўнае, каб чалавек быў заняты, для гэтага трэба стварыць умовы. У першую чаргу,  для сярэдняга і буйнога бізнэсу, які можа даць рабочыя месцы людзям».

Непазбежным вынікам мадэрнізацыі буйной вытворчасці сёння з’яўляецца аптымізацыя колькасці працуючых. Вызваленыя рабочыя рукі плануецца заняць. Адзін са спосабаў — адкрыццё ўласнага бізнэсу. Канешне, арганізаваць сваю справу складана без фінансавай падтрымкі. Як паведаміў А.В.Ліс, на падтрымку аб’ектаў малога бізнэсу з абласнога бюджэту запланавана выдзеліць каля 2,3 мільёна рублёў. У цэлым, на Брэстчыне сёлета плануецца стварыць каля сямі тысяч рабочых месцаў — у асноўным, у мікра-, малых і сярэдніх арганізацыях.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *