Дэжавю. Адчуванне, што гэта ўжо было. Грыбы ў кошыках, грыбы на фотаздымках, грыбы ў разнастайных стравах. Сапраўдныя лясныя – і выразаныя з дрэва, сплеценыя з папяровых трубачак, пашытыя з тканіны…
Ды не, псіхіка тут ні пры чым: усё гэта сапраўды адбывалася. Свята “Крыніца – грыбоў сталіца” праводзіцца ў другі раз. Роўна два гады таму такое ж грыбное царства панавала на гэтай жа пляцоўцы ля вёскі. І я – таксама з фотаапаратам і дыктафонам – ва ўсе вочы глядзела, ва ўсе вушы слухала, а яшчэ каштавала, мацала, сачыла за ўзважваннем… Адным словам, некалькі гадзін мела сапраўднае грыбное шчасце.
І вось дубль другі. Можна параўнаць, якім ён атрымаўся? Не лепшым і не горшым, проста крышачку іншым.
Напрыклад, грыбоў аматары-канкурсанты сёлета сабралі значна менш. І не дзіўна, калі ўлічыць сухое надвор‘е апошніх тыдняў. Тым не менш, рэкардсмены грыбнога палявання паказалі вельмі нядрэнныя вынікі: першым у конкурсе грыбнікоў “Па грыбное шчасце” стаў прадстаўнік Вялікасельсага сельсавета М.Г. Лапука, які сабраў 15 кілаграмаў, другім — А.А.Несцярук са Шчарчоўскага сельсавета з 10,8 кг, трэцяе месца заняў Ю.М. Дронь, які прадстаўляў Пружанскі сельсавет, – 7,5 кг грыбоў.
Менш было і грыбных страў. І гэтаму таксама прычына зразумелая: спякота, якая перашкодзіла накрыць паляну больш багата. Інакш давялося б цягнуць за сабой халадзільнікі. Назаву адразу пераможцаў конкурсу на лепшую грыбную страву “Усе смакі лесу ў крыніцкіх далікатэсах”. Імі сталі дваровае аб’яднанне гаспадынь з аграгарадка Калядзічы – Людміла Кудрэйка і Таццяна Кныш, а таксама Марыя Барысевіч з Ружан.
Затое больш прывезлі разнастайных вырабаў умельцы. У конкурсе “Грыбнымі сцежкамі” перамаглі Л.Е. Паўлючык з Навасёлкаўскага СДК і Я.А. Чураўскі, які прадстаўляў Зеляневіцкае лясніцтва.
І, нарэшце, больш прадуманым і, не пабаюся гэтага слова, грандыёзным стаў творчы конкурс «У гасцях у крыніцкага пана Багновіка». Мастацкія калектывы на гэты раз не проста спявалі песні пра лес і грыбы, але і прыдумалі арыгінальныя касцюмы, стварылі сапраўднае шоу.
У святочным шэсці, якім прайшліся ад мясцовага Дома культуры да сцэнічнай пляцоўкі, удзельнічалі грыбы ўсіх колераў і рангаў. Больш за ўсё на вочы чамусьці трапляліся яркія мухаморныя шляпкі. Але ж гэта, як і ў сапраўдным лесе: любуешся прыгажосцю шматлікіх чырвона-белых мухаморчыкаў, але радуешся, калі сярод іх знаходзіш адзінокага карычневага баравічка. А пераможцамі былі названы Калядзіцкі сельскі Дом культуры (дырэктар А.М.Сівачэнка) і вакальная група “Каханачка” Аранчыцкага Дома фальклору (кіраўнік Я.В.Васілюк). Па-за рамкамі конкурсу выступілі з цудоўным канцэртам госці з Польшчы — калектыў «Рэха пушчы» Гайнаўскага Дома культуры.
Змагаліся паміж сабой таксама фотааматары і лесарубы. У фотаконкурсе “Ледзь дадому данёс – грыбоў цэлы воз” лепшымі сталі А.В. Собаль з Пружан і Г.А.Лапука з Бакуноў (Вялікасельскіх).
А сярод лесарубаў першае і трэцяе месца занялі работнікі Мокраўскага лясніцтва — А.А.Вакульскі і С.В.Саўчук, а другім стаў непрафесійны рубшчык — П.К.Паўловіч.
Напэўна, варта было б дадаць у артыкул больш эмоцый, але навошта словы, калі фарбы свята лепш разглядаць на фотаздымках http://blr.belta.by/fotoreportage/view/festyval-krynitsa-grybou-stalitsa-50304-2016/.
Засталося нагадаць, што свята было арганізавана аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў ходзе рэалізацыі ініцыятывы «Стварэнне кансорцыума «Мясцовая ініцыятыва» http://iniciativa-pruzhany.by/ з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаўных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і бізнэсу для рашэння мясцовых ініцыятыў, накіраваных на ўстойлівае развіццё Пружанскага раёна» ў рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Хочацца спадзявацца, што ў ходзе ажыццяўлення гэтага праекта наш раён — багаты не толькі лясамі і грыбамі, паветрам і краявідамі, але і творчымі, таленавітымі, неардынарнымі асобамі — атрымае сапраўдны штуршок для развіцця і працвітання.
Ірына СЯДОВА