Воскресенье, 20 апреля 2025

Граматна наладжаная работа па ахове працы дазваляе арганізацыі… эканоміць. Вопытам падзяліліся ў ААТ «Мурава»

653

Пры падвядзенні вынікаў рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2021 годзе Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання ў намінацыі «Лепшая арганізацыя работы па ахове працы сярод сельскагаспадарчых арганізацый» першае месца было прысуджана ААТ «Мурава».

На кожным участку вядзецца тлумачальная работа. У тым ліку і на МТК «Мурава», дзе намеснік начальніка комплекса Святлана Ленкавец праводзіць з аператарамі машыннага даення Эвелінай Фядотавай, Таццянай Сідарчук і Галінай Рудчык навучанне карыстанню аптэчкай.

Варта адзначыць, што ў ААТ «Мурава» надаецца важкае значэнне ахове працы. І работа гэта вядзецца з году ў год нарастаючымі тэмпамі і аб’ёмамі.

Як зазначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Пётр Білецкі, сутнасць шматграннай, комплекснай дзейнасці зводзіцца да стварэння бяспечных умоў для кожнага работніка не толькі ў плане, напрыклад, вытворчага траўматызму. Улічваецца, што прафесійныя захворванні і шкодныя фактары, якія ўздзейнічаюць на чалавека, могуць адбіцца і на здароўі яго нашчадкаў. І недаацэньваць карысны ўклад мер па ахове працы ў жыццё работніка немагчыма.

— Правільны і абгрунтаваны падыход у сучасных умовах — ставіць здароўе і жыццё чалавека вышэй за канчатковы прадукт вытворчасці, — лічыць Пётр Мікалаевіч. — У клопат пра здароўе работніка ўваходзіць і яго права на адпачынак, на годную заработную плату, належным чынам абсталяванае працоўнае месца. Рацыянальна арганізаваная сістэма аховы працы на прадпрыемстве дазваляе павысіць культуру і дысцыпліну, палепшыць прадуктыўнасць і паменшыць цякучасць кадраў.

Такая работа аказваецца ўзаемакарыснай для ўсіх бакоў. Працаўніку даюцца адпаведныя гарантыі, а сама арганізацыя атрымлівае магчымасць… эканоміць. Гучыць неверагодна, аднак на самай справе гэта менавіта так. На падрыхтоўку механізатара, электрыка, слесара і іншых спецыялістаў выдаткоўваецца час, пэўныя сродкі. У выніку няшчаснага выпадку давядзецца шукаць замену кваліфікаванаму работніку, рыхтаваць новага, губляць запланаваную выручку з-за вымушанага прастою. А яшчэ несці рэпутацыйныя страты з-за парушаных кантрактаў і цяжкасці вырашэння кадравых пытанняў.

Падлічыць эканомію ад разумнай арганізацыі аховы працы складана, але відавочна, што яна ў дзясяткі разоў большая, чым укладанні ў дадзеную сферу.

У ААТ «Мурава» ёсць абсталяваны наглядным і камп’ютарызаваным аснашчэннем клас па ахове працы, у якім працуе інжынер па АП Дзмітрый Сахарчук.

Гэта пацвярджае інжынер па ахове працы Дзмітрый Сахарчук. Па словах спецыяліста, ААТ «Мурава» — не проста сучаснае прадпрыемства высокай культуры вытворчасці. Тут з асаблівай адказнасцю ставяцца да жыцця і здароўя сваіх працаўнікоў.

— Стварэнне здаровых і бяспечных умоў на працоўных месцах, кантроль за захаваннем работнікамі патрабаванняў аховы працы, прафілактыка вытворчага траўматызму і папярэджанне няшчасных выпадкаў — кожнаму з гэтых пунктаў у таварыстве надаецца ўвага, — адзначае Дзмітрый Анатольевіч.

Яшчэ ў 2009 годзе на прадпрыемстве была распрацавана палітыка ў вобласці аховы працы. Яна ўключае абавязацельствы па захаванні заканадаўства ў дадзенай сферы, папярэджанне няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. У ліпені мінулага года ўнесены змяненні, якія тычацца здароўя і бяспекі пры прафесійнай дзейнасці, згодна з патрабаваннем стандарту ISO 45001-2020. Зыходзячы з новага вектару, у акцыянерным таварыстве распрацаваны і ўкаранёны працэдуры, якія павінны забяспечваць ідэнтыфікацыю небяспек, адзнаку рызык.

На падставе новых планаў летась было праведзена 26 адпаведных мерапрыемстваў, на што гаспадаркай выдаткавана амаль 60 тысяч рублёў.

У дадатак для паніжэння рызыкі траўмавання распрацаваны мерапрыемствы з выразна ўстаноўленай адказнасцю за іх выкананне. Напрыклад, прафілактыка рызыкі прафзахворванняў — працэс кіруемы, які на прадпрыемстве рэгулюецца правядзеннем штогадовага медыцынскага агляду, пры неабходнасці пераводам супрацоўніка на іншыя віды дзейнасці па стане здароўя. На кантролі пытанне папярэджання аварыйных сітуацый. Распрацоўваецца спецыяльны план іх ліквідацыі, праводзяцца практычныя трэніроўкі, заняткі, накіраваныя на апярэджанне.

У падобныя мерапрыемствы, праводзімыя ў ААТ «Мурава», кожны работнік уцягваецца літаральна з першых дзён працаўладкавання. Пачынаючы ад абавязковага медыцынскага агляду і заканчваючы пастаянным навучаннем, праверкамі ведаў. І, адпаведна, кантролем дысцыпліны. Зразумела, што так званы «чалавечы фактар» выкараніць практычна немагчыма, як і пераламіць абывацельскае меркаванне: маўляў, «канкрэтна са мной бяда не здарыцца». Таму дырэктар арганізацыі нярэдка, ставячы задачы, загадвае не спяшацца ў дасягненні вынікаў. Галоўнае — прайсці ўсю дарогу без перашкод і аўралаў, каб страты не сапсавалі задавальненне ад дасягнутага.

Безумоўна, першараднай умовай паспяховага рашэння ўсяго комплексу праблем аховы працы і ў долі прафілактыкі вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў з’яўляецца забеспячэнне персаналу неабходнымі сродкамі індывідуальнай аховы, стварэнне бяспечных умоў на вытворчасці.

Кожная адзінка тэхнікі абсталявана належным чынам, у тым ліку і сродкамі пажаратушэння, як дэманструе механізатар Аляксандр Дакімовіч.

Немалаважна рэгулярна праводзіць навучанне, каб даводзіць змяненні ў заканадаўстве, асвойваць новую тэхніку, кіруючыся рэкамендацыямі яе вытворцы. Навучанне праводзіцца ў розных формах. Асноўныя заняткі па ахове працы вядуцца па зацверджаных праграмах і графіках у падраздзяленнях. Пасля арганізуецца камісійная праверка ведаў з афармленнем вынікаў у пратаколах. Работнікі, якія не прайшлі праверку ведаў, да працы не дапускаюцца.

Вялікае значэнне ў падтрымцы належнага ўзроўню аховы працы ў падраздзяленнях мае правядзенне Дзён аховы працы. Такія дні арганізуюцца штомесяц. У іх рамках правяраецца выкананне работнікамі норм, інструкцый па ахове працы, правілах пажарнай бяспекі, стан будынкаў, абсталявання.

Як зазначае кіраўнік арганізацыі, ставіцца мэта, каб кожны працаўнік выдатна ўсведамляў: ёсць кіраўніцтва, ёсць служба і спецыялісты, якія клапоцяцца пра яго бяспеку, выконваюць масу мерапрыемстваў у гэтым накірунку. Але ў той жа час і работнік павінен прымаць удзел у такіх мерапрыемствах і несці адказнасць у пытаннях аховы працы і бяспекі, у тым ліку і юрыдычную. Наймальнік пры абыякавасці і бяздзейнасці самога працаўніка не зможа ў поўнай меры яго засцерагчы. Тут важныя ўзаемныя праца і адказнасць.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік