Думаю, што няма ніводнага чалавека, які не ведае, чаму небяспечна купацца ў недазволеных месцах, лезці ў ваду ў нецвярозым стане, пераходзіць дарогу на забараняючы сігнал святлафора… Аднак… і купаюцца, і лезуць, і выходзяць: практычна кожны лічыць, што бяда абміне яго. Не выключаю, што менавіта так меркавалі і тыя, па чыёй віне сёлета папоўнілася сумная статыстыка пажараў. У бягучым годзе з-за парушэння правілаў карыстання пячным ацяпленнем вогненныя здарэнні зафіксаваны ў Лінова, Доўгае, Гарадняны, Краснае, Ружанах і Пружанах.
Каб у чарговы раз папярэдзіць жыхароў прыватных дамоў аб захаванні правілаў бяспекі, напярэдадні халоднага перыяду работнікі МНС праводзяць абходы жылля ва ўсіх населеных пунктах. Асаблівая ўвага надаецца домаўладанням, дзе жывуць шматдзетныя сем’і, састарэлыя грамадзяне, адзінокія інваліды і асобы, што злоўжываюць спіртным.
Нягледзячы на маштабную газіфікацыю сельскіх населеных пунктаў, на Пружаншчыне нямала сядзіб, дзе працягваюць карыстацца печкамі нават пры наяўнасці падключэння да цэнтралізаванага газазабеспячэння. Але, як зазначае старшы інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Ліпко, толькі каля трэці грамадзян даглядаюць печкі належным чынам. Гэта бачна нават па комінах, якія, напрыклад, у аг. Шані пафарбаваны якраз у адной з трох хат, а ў некаторых дамах увогуле разбураюцца. У якасці найбольш частых парушэнняў правілаў бяспекі пры карыстанні печкамі Вольга Васільеўна называе адсутнасць прытопачнага ліста, разбураныя элементы топкі, трэшчыны на дымаходах, якія праходзяць па гарышчы. Кожны такі недахоп можа прывесці да трагічнага фіналу.
Пры выяўленні падобных дэфектаў інспектары не накладаюць штрафаў, але настойліва рэкамендуюць, як мага хутчэй выправіць становішча. Вось толькі прычын, якія не дазваляюць неадкладна зрабіць гэта, гаспадары называюць нямала. Самую распаўсюджаную агучваюць старыя: маўляў, у саміх не хапае сіл, а дзеці жывуць далёка і прыязджаюць рэдка або ўвогуле не наведваюць бацькоў. З аднаго боку, такую прычыну можна палічыць важкай, але чаму трэба лезці на гарышча самастойна? Напрыклад, пенсіянерка з в.Шубічы Алена жыве разам са старой маці. Жанчыны для выканання работ, з якімі не змаглі справіцца самі, паклікалі майстра.
Дарэчы, варта нагадаць, што пэўная дапамога ў пошуку пячнога майстра аказваецца тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (трэба тэлефанаваць па нумары 9-37-80). Інфармацыя пра работнікаў, якія могуць вырашаць падобныя праблемы, перададзена і ў сельвыканкамы. Словам, патрэбна толькі жаданне. Зразумела, спецыялісты, якія займаюцца рамонтам печак, робяць гэта за плату, але ці варта эканоміць на ўласнай бяспецы?
Зусім іншая сітуацыя з грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртным. У такіх «гаспадароў» не толькі печка, нярэдка нават і дом развальваецца. І ні грошай, ні жадання выпраўляць недахопы ў іх няма. Сваім ладам жыцця яны нясуць пагрозу не толькі сабе, але і сям’і, ды і суседзям даводзіцца жыць з апаскай. Бо пажары з-за няспраўных печак, як сведчыць сумная статыстыка, часцей за ўсё здараюцца ноччу, з-за чаго рэдка выяўляюцца аператыўна.
Яшчэ адной распаўсюджанай прычынай трывожных выклікаў старшы інспектар называе распальванне кастроў напачатку вясны і глыбокай восенню, калі ідзе ўборка агародаў. Дзеючымі правіламі бяспекі спальванне расліннага смецця і галля не забараняецца, але пры захаванні пэўных мер бяспекі. Жыхар аг.Стараволя добра ведае, што нельга распальваць вогнішча паблізу ад пабудоў, пры моцным ветры, выкарыстоўваць гаручыя вадкасці. Таксама неабходна пастаянна знаходзіцца побач з кастром і мець рыдлёўку і вядро вады на ўсялякі «пажарны» выпадак. Але ж гэтага ў гаспадара побач не было, і мы зноў пачулі стандартнае: «Мяне бяда абміне». Вось толькі тая ж статыстыка вогненных здарэнняў сведчыць, што не ўсім шанцуе…
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.