Склалася такое ўражанне, што напрыканцы верасня нехта ў «нябеснай канцылярыі» проста павярнуў рубільнік з «лета» на «зіму». З надыходам рэзкага пахаладання ў вясковых дамах і ў прыватным сектары Пружан над комінамі адразу закурыліся дымкі: жыхары пачалі абагравацца з дапамогай пячнога ацяплення. Гэта і стала штуршком для масавага абследавання жылых дамоў, якое зараз праводзяць работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях з мэтай праверкі стану печак.
Роўна 300 гадоў мінула з таго часу, калі Пётр I падпісаў указ аб пажарнай бяспецы ў гарадах і іншых населеных пунктах. У гэтым указе вызначаліся ў тым ліку і строгія патрабаванні да ўзвядзення і далейшага выкарыстання печак. Як адзначаюць даследчыкі, паступовае ўкараненне ў масы гэтага новаўвядзення прывяло да скарачэння пажараў і гібелі на іх людзей. Але мінула нямала часу, і па-ранейшаму парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення прыводзіць да трагічных выпадкаў, што папаўняюць сумную статыстыку. З пачатку бягучага года ў раёне зарэгістравана 37 пажараў, у кожным шостым прычынай узгарання стала пакіданне без нагляду печак і іншых цеплагенерыруючых устройстваў. Здараюцца такія пажары пераважна падчас пахаладанняў.
У адну з такіх інспекцый работнікі РАНС запрасілі і карэспандэнтаў «раёнкі».
Асноўныя няспраўнасці
— Супрацьпажарныя правілы не патрабуюць ад уладальнікаў дамоў з пячным ацяпленнем чаго-небудзь звышскладанага або фінансава непад’ёмнага,— расказвае работнік райаддзела В.В.Ліпко.— Дастаткова рэгулярна тынкаваць коміны і саму печку для таго, каб своечасова выявіць расколіны. Таксама неабходна перыядычна праводзіць ачыстку комінаў і абавязкова набіць на падлозе прытопачны ліст вызначаных памераў. Каля запаленай печкі нельга складзіраваць дровы, брыкет і смецце, якое можа лёгка загарэцца.
У гутарках з жыхарамі вёсак Арабнікі, Парасляны, Жадзены, па дамах у якіх праводзілася інспекцыя, мы пераканаліся ў тым, што людзям усе гэтыя правілы добра вядомыя. Вось толькі не ўсе прытрымліваюцца іх, рызыкуючы не толькі сваёй маёмасцю, але і жыццём. У адных, напрыклад, няма прытопачнага ліста, які не дасць вугельчыку, што выпаў з топкі, запаліць спачатку падлогу, а потым і хату. Іншыя паклалі да самай печкі палас, які нават не адгортваюць, калі запалілі агонь.
Пакуль інспектары не штрафавалі парушальнікаў, з кожным праводзілі тлумачальныя гутаркі, выдавалі буклеты з інфармацыяй аб належным выкананні правілаў пажарнай бяспекі.
— Нас турбуе праблема іншага характару,— тлумачыць Вольга Васільеўна.—Справа ў тым, што вясковае насельніцтва старэе і часта людзі пажылога ўзросту не маюць здароўя залезці на гарышча, каб пабяліць комін, або ўласнаручна правесці рамонт пліты, замяніць чыгунныя прыналежнасці, калі яны паламаліся. Дасведчаных печнікоў у вёсках засталося мала, дакладней, іх амаль няма, з-за чаго печкі гадамі не рамантуюцца і становяцца крыніцамі небяспекі.
Кожны знаходзіць выйсце па-свойму. Больш шчасціць тым, каму пастаянна дапамагаюць дзеці. У некаторых з наведаных намі старых печкі яшчэ летам былі адноўленыя і прыведзеныя ў належны стан, каб састарэлыя тата і мама правялі чарговы халодны перыяд у камфорце. Нехта толькі зараз прыступіў да адпаведнай работы, і час давесці яе да заканчэння яшчэ ёсць. На жаль, давялося стаць нам сведкамі і іншых жыццёвых сітуацый.
У вёсцы Жадзены на полі корпалася бабуля: 90-гадовая Валянціна Аляксандраўна (імя і імя па бацьку зменены — Рэд.) збірала бульбу. У той момант дома на ложку адпачываў яе сын, якога маці папрасіла «не турбаваць». Чаму ён не дапамагае маці? Чаму ў такім дрэнным стане ў іх доме асноўная крыніца цяпла — печка? Адказаў на гэтыя пытанні мы не атрымалі. Спачатку лайдак расказваў аб тым, што прыехаў дапамагчы маці капаць бульбу ды зламаў рэбры. Дайсці па ўрачэбную дапамогу ён не мог. Калі пажарныя ўгледзелі некалькі бляшанак, прыстасаваных пад попельніцы, да верху напоўненых акуркамі, то адразу запыталі, ці не курыць мужчына ў ложку? А ён сказаў, што выходзіць для гэтага на вуліцу.
— А навошта так многа курыць?
— Дык гэта назбіралася за год…
Думка пра тое, што маці даглядае за такім сынком ужо не першы год, пацвердзіліся калі за шырмай інспектары знайшлі 10-літровую бутэльку з бражкай, прычым яна была напалову пустая.
Калі мы пакінулі гэтую хату, то Валянціна Аляксандраўна звярнулася да нас з просьбай параіць, як далей жыць. Што на гэта можна сказаць? Мяняць свае адносіны да «крывіначкі» позна…
Хто дапаможа адзінокім?
Сустракаліся мы і з такімі бабулямі-дзядулямі, у каго няма дзяцей або яны жывуць вельмі далёка і рэдка прыязджаюць да сваіх бацькоў. Адзінокім пажылым людзям, у якіх выяўляліся праблемы з пячным ацяпленнем, пажарныя раілі звяртацца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як паведаміла дырэктар цэнтра Н.Г.Педчанка, установа мае кантакт з індывідуальным прадпрымальнікам, які аказвае падобныя паслугі, і можа пасадзейнічаць звязацца з ім і запісацца ў чаргу. Адразу адзначым, што каштуе адпаведны сэрвіс нямала, бо попыт на рамонт печак або ачыстку комінаў ад сажы вельмі высокі, а вось канкурэнцыі амаль што няма. Зразумела, было б няблага, калі б такі спецыяліст быў у штаце сацыяльных работнікаў, але гэта вельмі рэдкая прафесія, і адзінкавыя ў краіне навучальныя ўстановы, у якіх можна атрымаць такую спецыяльнасць, толькі-толькі пачалі набіраць навучэнцаў на адпаведныя курсы. Пакуль жа для вырашэння «пячной» праблемы трэба збіраць грошы. Але ж ці варта эканоміць на ўласнай бяспецы? Такое пытанне задавалі вяскоўцам інспектары, калі прапаноўвалі таксама ўстанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі: каштуе прыбор 12 рублёў, а за некалькі апошніх гадоў, згодна з рэспубліканскай статыстыкай, выратаваў сотні жыццяў і мільёны рублёў.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).