Нядаўна пружанская гасцініца «Мухавец» адчыніла свае дзверы для асаблівых гасцей. Прадстаўнікі 22 тураператараў з Варшавы, Познані, Беластока, Любліна і іншых гарадоў Польшчы прыехалі азнаёміцца з гасцінічным патэнцыялам Пружаншчыны, якая, як вядома, уваходзіць у бязвізавую турысцка-рэкрэацыйную зону «Брэст».
Спачатку ў рамках свайго трохдзённага тура, накіраванага на вывучэнне тэндэнцый турыстычнага рынку Брэстчыны, польскія госці наведалі абласны цэнтр. Там для іх была прэзентаваная праграма святкавання тысячагоддзя Брэста з агляднай экскурсіяй па горадзе. Затым яны выехалі ў рэгіёны.
У фае пружанскай гасцініцы пазнавальны аглядны экскурс для турагентаў правяла экскурсавод Вольга Зінкевіч, якая засяродзіла ўвагу гасцей на гісторыка-культурнай спадчыне нашага рэгіёна і яго аграрна-прамысловым патэнцыяле, а таксама спынілася на галоўных аспектах турыстычнага, і ў прыватнасці гасцінічнага, бізнесу.
Пасля майстар гасцініцы Ірына Мікалаеўна Пілюцік распавяла прадстаўнікам польскіх тураператараў пра тое, якія паслугі ў Пружанах гатовы прапанаваць сваім гасцям. Палякаў вельмі зацікавіў той факт, што ў 2003 годзе пасля праведзенай перад «Дажынкамі» маштабнай рэканструкцыі пружанскай гасцініцы быў прысвоены ўзровень «дзве зоркі» па еўрапейскіх стандартах. Акрамя таго, у мінулым годзе за сваю выключную гасціннасць яна стала ўладальніцай узнагароды «Guest Review Awards – 2018» і атрымала высокую адзнаку «8,2» (з 10) ад наведвальнікаў сайта Booking.com. Праз гэты сайт турысты заказвалі паслугі гасцініцы, а потым пакідалі станоўчыя водгукі (дарэчы, сваіх гасцей з Booking.com «Мухавец» прымае з лютага 2018 года).
Да слова, сённяшнія водгукі беларускіх і замежных турыстаў сведчаць, што ў пружанскай бюджэтнай гасцініцы могуць пражываць пэўны час, не адчуваючы асаблівых нязручнасцяў, нават самыя патрабавальныя еўрапейскія госці. Таму цяперашнія наведвальнікі паспяшаліся азнаёміцца са славутасцямі гасцініцы «Мухавец» увачавідкі.
На дадзены момант турыстам тут прапануюць 25 сучасных нумароў (агульным фондам 35 ложка-месцаў), катэгорыі якіх прадстаўлены як люкс, паўлюкс і апартаменты. Паказчык па іх напаўняльнасці даволі высокі — больш за 42 %, што таксама сведчыць пра іх запатрабаванасць сярод турыстаў.
У нумарах ёсць душавыя кабіны, ванныя пакоі, халадзільнікі, тэлевізары, электрачайнікі, тэлефоны і іншыя зручнасці. Акрамя таго, гасцініца прапануе сваім наведвальнікам дадатковыя паслугі пральні, цырульні, хімчысткі, прасавання адзення, камеры багажнага захоўвання і нават масажнага кабінета.
Турагенты ўважліва агледзелі кожны паверх, некаторыя з іх скарысталіся ліфтам, адзначыўшы пэўную зручнасць ад гэтага. Таксама яны былі вельмі ўражаны прыгожым батанічным міні-садам, найбольш шырокі агляд якога адкрываецца з унутранага балкона ў фае верхніх паверхаў.
Напрыканцы сустрэчы палякі высока ацанілі магчымасць патэнцыяльных гасцей заказаць у гасцініцы лёгкі сняданак і паўнацэнны абед ці вячэру ў кафэ, якое тут працуе. Як зазначылі госці на развітанне, адчуваецца, што персанал гасцініцы вельмі даражыць сваімі гасцямі, таму польскія турагенцтвы прыкладуць максімум намаганняў для таго, каб павялічыць паток турыстаў у «бязвізавую зону», і ў прыватнасці на Пружаншчыну.
Алена Зялевіч, фота аўтара.