Суббота, 14 декабря 2024

Горад прыгожы, калі да яго ставяцца з любоўю. За першую палову 2021 года на ліквідацыю ўрону ад вандалізму было выдаткавана больш за 2500 рублёў

1 040

Любы горад можна параўнаць з сядзібай. Там, дзе адчуваецца гаспадарская рука, і дом, і прысядзібная тэрыторыя выглядаюць прыгожа. Такую добраўпарадкаванасць бачна здалёк. Як і тыя сядзібы, дзе скрозь зелле амаль у рост чалавека бачны пабітыя вокны, разбураны дах, перакошаныя дзверы…


Не станем спрачацца адносна таго, да якой катэгорыі можна аднесці Пружаны: адны лічаць іх вельмі прыгожымі, іншыя сцвярджаюць адваротнае. Але ці ёсць у нашай «сядзібы» свой гаспадар?

Нельга атрымаць усё і адразу
У любым, нават самым прыгожым горадзе, як і ў прыватным доме, заўсёды знойдзецца работа: падтрымліваць тое, што зроблена, аднаўляць тое, што разбурана часам ці непагаддзю, дадаць яшчэ прыгажосці.


Калі глядзець з гэтага боку, то можна з упэўненасцю адзначыць, што і ў Пружанах справы з добраўпарадкаваннем вядуцца па-гаспадарску. Доказаў гэтаму нямала, пра многія з іх нярэдка расказвае раённая газета.


Але ж варта ўлічыць меркаванні і тых, хто ўсё-такі незадаволены аб’ёмамі, хуткасцю навядзення парадку. Не ўсе гарадскія вуліцы заасфальтаваны, не ўсе шматпавярховыя дамы адпавядаюць сучасным эксплуатацыйным патрабаванням. Існуе патрэба ў дзіцячых пляцоўках, у месцах адпачынку, больш прыгожым можна зрабіць і наш гарадскі парк… Але любы гаспадар пацвердзіць, што на вырашэнне ўсіх пытанняў патрэбны час, працоўныя рукі і грошы. І атрымаць гэта ўсё «тут і зараз» немагчыма. З праблемамі даводзіцца спраўляцца паступова.


Менавіта гэта ў нас назіраецца, прычым работа вядзецца мэтанакіравана, бесперапынна. Але яшчэ з улікам прапаноў гараджан, якія скрупулёзна збіраюцца, шляхі іх вырашэння аналізуюцца, затым шукаюцца крыніцы фінансавання.

Як паведамляе начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама А.У.Хатулёва, з пачатку бягучага года з прапановамі адносна ўтрымання населеных пунктаў і паляпшэння дарожнай сеткі звярнулася 46 заяўнікаў. Сем зваротаў задаволена поўнасцю, выкананне яшчэ 18 знаходзіцца на кантролі. За кожным пытаннем па добраўпарадкаванні стаяць грошы, тэхніка, спецыялісты.


У той жа час можна прыйсці да высновы, што многае магло б рабіцца хутчэй і ў большых аб’ёмах. Што перашкаджае? Адказ на гэта пытанне многія гараджане бачылі неаднаразова. Напрыклад, тыя, хто часта ездзіць на грамадскім транспарце ад прыпынку «Палац культуры» па вул.Савецкай, могуць расказаць, колькі часу зіхацеў навізной і чысцінёй аўтобусны павільён. Дарэчы, тут ён быў устаноўлены па просьбе тых жа пружанцаў. Нямала цікавага змогуць расказаць бацькі, дзеці якіх з радасцю ўспрынялі ўзвядзенне на вуліцы Інтэрнацыянальнай комплексу для гульняў «Прыгоды Дына».
Увогуле камунальнай службай вядзецца дакладная статыстыка выпадкаў вандалізму. І лічбы, што падсумоўваюцца ў ёй, уражваюць.

Грошы «на вецер»
Летась работнікам КУВП «Камунальнік», як паведамляе майстар участка «Добраўпарадкаванне» А.І.Паўловіч, трэба было перыядычна замалёўваць хуліганскія надпісы. У парку адрамантавалі зламаную «адпачываючымі» лаўку, як і 16 лавак каля летняй эстрады. Неаднаразова аднаўлялі зялёныя насаджэнні на газонах, адкуль рэгулярна знікалі толькі што высаджаныя кусты самшыту і туі. Агульная сума ўрону за 2020 год склала амаль 2 тысячы рублёў.

Сёлета страт яшчэ больш. Зноў даводзіцца замалёўваць дэструктыўныя надпісы і поўнасцю перафарбоўваць збудаванні. Зарэгістраваны выпадкі пашкоджання дарожных знакаў і стоек для іх. На гарадскім басейне быў устаноўлены шлагбаўм, каб тым, хто адпачывае каля вады, не перашкаджалі аматары паркавацца на пляжы. Дык вось праз кароткі час запорнае ўстройства аказалася зламаным.

Зноў з газонаў знікаюць прыгожыя кусты і дрэўцы, псуюцца лаўкі ў парку: 12 з 16 адноўленых летась сядзенняў ля летняй эстрады зноў патрабуюць рамонту.


Асаблівую ўвагу звернем на лёс гульнявой пляцоўкі «Прыгоды Дына». Напачатку 2021 года паступіла скарга на разбураны вандаламі комплекс. У сярэдзіне вясны яго поўнасцю аднавілі, больш за тое, камунальшчыкі ўстанавілі дзве новыя горкі для малых. Напрыканцы мая ўсё было ў чарговы раз паламана…


У выніку толькі за першую палову 2021 года на ліквідацыю ўрону ад вандалізму было выдаткавана больш за 2500 рублёў.


Лічбы ўражваюць, прычым гэта — толькі затраты на матэрыялы, «за кадрам» застаецца прымяненне тэхнікі, работа людзей і самае каштоўнае — час. Дык атрымліваецца, што раней укладзеныя ў добраўпарадкаванне грошы фактычна «выкінуты на вецер»?

Камунальшчыкі падлічылі, што можна было зрабіць, калі б не даводзілася займацца пастаяннымі аднаўленнямі. Напрыклад, затрачаных сродкаў хапіла б на ямачны рамонт плошчай больш за 200 квадратаў (трэць ад таго аб’ёму работ, што выконваліся на гарадскіх вуліцах сёлетняй вясной). Можна было б пакласці 250 метраў тратуарнай пліткі (напрыклад, зрабіць пешаходную дарожку ад гарадскога кальца да РКБА па вуліцы Макаранкі). Пасадзіць 430 дэкаратыўных кустоў (практычна нанова азеляніць горад). Абкасіць адзін раз трымерам увесь гарадскі парк або палову зялёных тэрыторый горада трактарам.

На пазіцыях утрыманства
Так і хочацца сказаць: «Хопіць дарма выкідваць грошы». Вось толькі ў камунальнай службы выбару няма. Ёсць ён у нас, жыхароў райцэнтра, які мы жадаем зрабіць самым прыгожым. Пераканаць моладзь, да якой пераважна і адносяцца тыя хуліганы-вандалы, шанаваць чужую працу і не псаваць жыццё іншым складана. Але ж іх учынкі не робяцца «цішком», навакольныя абавязкова калі не бачылі, то чулі трэск лавак і дзіцячых горак, якія ламаюць. Толькі ж ніхто не прыняў ніякіх намаганняў, каб спыніць хуліганства. У той жа час неаднаразова ў райвыканкам паступалі звароты, якія інакш, як «утрыманскімі», назваць нельга: маўляў, адпала дошка на пясочніцы, адкруцілася сядзенне на арэлях у двары шматпавярхоўкі. Значна хутчэй праблема вырашылася б, калі тата ўзяў малаток ці гаечны ключ і выправіў пашкоджанае. Не, трэба тэлефанаваць у камунальную службу з патрабаваннем «даслаць аварыйную брыгаду».


Прыемна, што далёка не ўсе так робяць. Ёсць сярод гараджан і тыя, хто без лішніх заклікаў выйдзе на суботнік і прыбярэ тэрыторыю вакол пад’езда, прыгожа размалюе падмурак шматпавярхоўкі, каб парадаваць сябе і навакольных, адновіць лаўку. Паўстагоддзя таму, як успамінаюць людзі старэйшага ўзросту, падобныя праявы працавітасці нікога не здзіўлялі, жыхары дамоў рэгулярна самі добраўпарадкоўвалі свае двары.


Лічу, што падобнае ўтрыманства і нежаданне перапыніць хуліганства ў нас з’явілася з-за… узяцця дзяржаўнымі службамі пераважнай часткі сацыяльнага клопату на сябе. Яскравы прыклад — двары ў новым мікрараёне Паўночны. Там гараджане ахвотна выходзяць на суботнікі, пільна кантралююць стан малых архітэктурных формаў, як і паводзіны тых, хто туды завітвае. А ўся справа ў тым, што кожны жыхар шматпавярхоўкі са сваёй кішэні аплаціў добраўпарадкаванне двара. Таму і ставіцца па-гаспадарску. Такі ж прыклад можна прывесці і па некаторых пад’ездах шматкватэрных дамоў, дзе рабіўся рамонт за кошт саміх жыльцоў.


Нам усім хочацца, каб у Пружанах быў сапраўдны гаспадар, каб ён не забываўся пра свае абавязкі. А чаму мы самі не можам адносіцца да свайго горада па-гаспадарску? У гэтым няма нічога складанага, дастаткова паважаць працу іншых і хаця б крыху дапамагчы ім.
Алег СІДАРЭНКА.