Пятница, 14 февраля 2025

Гора-бухгалтару з Пружан пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі за махлярствы з зарплатай

1 511

Як паведаміў намеснік начальніка РАСК Аляксандр Марчук, за мінулы тыдзень супрацоўнікамі аддзела было ўзбуджана сем крымінальных спраў.

Скарыстацца крымінальным шляхам да салодкага жыцця вырашыла бухгалтар аднаго з прадпрыемстваў нашага горада, у абавязкі якой уваходзіла своечасовае і правільнае налічэнне заработнай платы.

Жанчына ўносіла недакладныя звесткі аб памеры сваёй зарплаты ў электронныя спісы прадпрыемства, пасля чаго другі бухгалтар, якая не ведала аб крымінальнай дзейнасці першай, дадзеныя дакументы загружала ў сістэму «Кліент-банк» з мэтай пералічэння грашовых сродкаў на карт-рахункі работнікаў.

Пасля папяровыя варыянты спісаў, у якіх заработная плата адпавядала рэальнаму яе памеру, махлярка перадавала на подпіс галоўнаму бухгалтару прадпрыемства для далейшага ўліку. Шляхам падману жанчына завалодала сумай у 24455 рублёў (661 базавая велічыня) і прычыніла свайму прадпрыемству матэрыяльны ўрон у буйным памеры.

Падманшчыцы пагражае ад двух да сямі гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без яго.