Па традыцыі ў нашым горадзе прайшло ўнікальнае для вобласці свята — ушанаванне таленавітых дзяцей і падлеткаў “Дараванне-2018”. Унікальнасць падзеі падкрэсліў у сваім прывітальным слове і старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч. Міхаіл Мікалаевіч выказаў падзяку дзецям і нагадаў, што разгледзець талент — задача дарослых. Талент можа атрымаць развіццё толькі там, дзе для гэтага ёсць умовы. А тое, што з кожным годам лік узнагароджаных толькі расце, сведчыць аб правільнасці выбранага накірунку. Для прыкладу, у 2012 годзе падчас першай цырымоніі ўзнагароду атрымаў 61 юны талент, а сёлета —ужо 110 юнакоў і дзяўчат і ды яшчэ 20 калектываў.
Спачатку сертыфікаты і грашовыя ўзнагароды старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч уручыў тым, хто паспяхова адстойваў гонар раёна на міжнароднай арэне. Першай на сцэну была запрошана Маргарыта Козак. Дарэчы, адзіная ўзнагароджаная мастачка! Дзяўчынка займаецца ў ДШМ імя Р.Р. Шырмы пад кіраўніцтвам А. В. Пятрань. Высокія ўзнагароды атрымалі яшчэ дзве вучаніцы гэтай школы мастацтваў Кацярына Грышчук і Ангеліна Гарус. Абедзве музыканткі займаюцца з настаўніцай І.У. Галаўніцкай і канцэртмайстрам С.Г. Казей. Заслужаную ўзнагароду атрымала і Аліна Чуракова, якая неаднаразова падчас мерапрыемства выходзіла на сцэну і цудоўна іграла на скрыпцы. Займаецца Аліна ў школе мастацтваў пад кіраўніцтвам настаўніцы Ю.А. Сядовай і канцэртмайстра С.Г. Казей.
Шмат узнагарод атрымалі вучні Навазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. У іх ліку Марына Дайлідка (настаўніца І.У. Янюк, канцэртмайстар
Т.П. Яўстраценка) і Кацярына Мардань (настаўніца І.У. Янюк, канцэртмайстар Т.І. Камянюк).
Міжнародныя перамогі ёсць і на рахунку салістаў эстраднай студыі “Меладзін”. Спявачкі Валерыя Пудоўкіна і Валянціна Іванцова, якія займаюцца з Э.Ю. Валанчусам, таксама выходзілі на сцэну, каб атрымаць падзяку за свой талент.
Высока адзначаны на міжнародных конкурсах здольнасці вучаніц Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў Ксеніі Васільчук (настаўніца М.У. Пстыга, канцэртмайстар Г.І. Малясава) і Юліі Дрозд (настаўніца М.У. Пстыга, канцэртмайстар А.Я. Міклашэвіч).
Пружаншчына — радзіма многіх таленавітых лю-дзей, у іх ліку і ўдзельнікі наступных творчых калектываў: інструментальны ансамбль “Вясёлкавыя ноткі” (Ліноўская ДШМ, настаўніца М.У. Пстыга, канцэртмайстар Г.І. Малясава), ансамбль віяланчалістаў ДШМ імя Р.Р. Шырмы (настаўніца В.М. Барысюк, канцэртмайстар Г.Д. Ярмоленка), узорны хор “Вітанак” (настаўніца І.А. Буланькова), харэаграфічны ансамбль “Ладачкі” (кіраўніца Т.М.Дварадкіна), дуэт акардэаністаў Навазасімавіцкай ДШМ (настаўніца М.Л. Кузьміч), домравы ансамбль “Арт-трыа” Навазасімавіцкай ДШМ (настаўніца І.У. Янюк), інструментальны ансамбль “Сябрукі” Навазасімавіцкай ДШМ (настаўніца І.У. Янюк), ансамбль танца “Тапатушкі” Пружанскага ГПК (кіраўнік В.Ю Бортнік), студыя эстраднага танца “Амялі” (кіраўнік А.В. Строк), народная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Папараць-кветка” ЦТДМ (кіраўнік В.М. Лапука).
Гучна заявілі пра сябе на міжнародных спартыўных спаборніцтвах выхаванцы трэнера ДЮСШ №2
В.А. Уважанай фігурысты Злата Галавяйчук, Вікторыя Дыцэвіч, Мацвей Клімук і Ульяна Хадаровіч.
Узнагароджанне прызёраў і пераможцаў рэспубліканскіх турніраў і конкурсаў пачалося з ушанавання спартсменаў і музыкаў. Тут таксама вылучыліся фігурысты, вучні ДШМ імя Р.Р. Шырмы, прадстаўнікі цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства (настаўнік С.В.Зелянееў).
Гімназістка Ганна Ануфрыенка (настаўніца В.Л. Ануфрыенка) стала прызёрам рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а гімназістка Анастасія Балабушка (настаўнік С.У. Саскевіч) атрымала высокую ацэнку сваіх ведаў на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі.
Прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў станавіліся і выхаванцы трэнераў па веласпорце Ю.А. Валкавыцкага і
А.Г. Плескі.
Добра вядомы ў рэспубліцы і імёны пружанскіх лёгкаатлетаў (трэнеры
В.А. Красько, С.А. Чайкоўскі, А.Ф. Адамчук), барцоў (трэнер А.А. Кавалеўскі) і таэквандыстаў (трэнер В.І. Мадзяліца).
Для ўручэння сертыфікатаў за дасягненні на абласным узроўні быў запрошаны намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч. Зноў загучалі імёны і прозвішчы вучняў і выкладчыкаў ДШМ імя Р.Р. Шырмы, Ліноўскай ДШМ, Наваза-сімавіцкай ДШМ, Ружан-скай ДШМ.
Да ўзнагароджаных спартсменаў далучыліся плыўцы, якія займаюцца ў трэнера С.А. Каляды. А таксама дзявочая (!) футбольная каманда, якую трэніруе А.Ф. Адамчук.
Сваю мінуту славы, а разам з тым, і адпаведныя сертыфікаты атрымалі вучні агульнаадукацыйных школ раёна, якія маюць дыпломы абласных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Напрыканцы цырымоніі Руслан Васільевіч ад сябе і ад імя бацькоў выказаў словы падзякі настаўнікам і трэнерам за тое, што яны аддаюць часцінку душы сваім выхаванцам і што, менавіта дзякуючы гэтаму, зала Палаца культуры ледзь умясціла ўсіх дыпламантаў.
Як і заўсёды, арыгінальна аформілі мерапрыемства работнікі Палаца культуры. Сёлетняе свята прайшло пад дэвізам “Будзь у трэндзе”, а музыка была так выдатна падабрана, што разам з артыстамі танцавалі многія прысутныя.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).