Четверг, 22 февраля 2024

Году гістарычнай памяці прысвячаецца. Выстава «Незабытыя ахвяры вайны» да канца мая працуе ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў

783

У Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў адбылося адкрыццё выставы «Незабытыя ахвяры вайны», прымеркаванай да Года гістарычнай памяці.

Як адзначыў начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш, гэта выстава будзе садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі, а для сталых людзей стане чарговай нагодай ўспомніць пра цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны.

Падчас мерапрыемства пракурор Пружанскага раёна, саветнік юстыцыі Аляксандр Вярбіцкі азнаёміў прысутных з вынікамі працы па выяўленні новых фактаў генацыду беларускага народа на Пружаншчыне. Нагадаем, што толькі ў нашым раёне было расстраляна, павешана, спалена, закатавана і адпраўлена ў рабства больш за 20 тысяч чалавек. З улікам таго, што пошукавыя работы і даследаванні працягваюцца, гэта лічба мае тэндэнцыю да павелічэння.

Выстава «Незабытыя ахвяры вайны» з’яўляецца своеасаблівым вынікам сумеснай працы раённай пракуратуры, спецыялістаў аддзела культуры і музея. Стваралася яна не толькі з прадметаў фондаў Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў, але і пры дапамозе матэрыялаў з фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык», дакументаў, прадстаўленых святаром ружанскай Петрапаўлаўскай царквы, фотаздымкаў, копій архіўных дакументаў, успамінаў відавочцаў, артыкулаў і кніг.

Цяжкія гады гітлераўскай акупацыі адлюстраваны ў кожным экспанаце выставы. Асобная тэма выставы – халакост на Ружаншчыне. Падчас вайны ў Ружанах размяшчалася гета, дзе жылі не толькі мясцовыя яўрэі, але і прыгнаныя сюды жыхары гэтай нацыянальнасці з Косава, Слоніма, вёсак Канстанцінава і Паўлава. Восенню 1942 года яны былі знішчаны ў лагеры смерці «Трэблінка-2». Такі ж лёс напаткаў яўрэйскае насельніцтва вёсак Лыскава, Магілёўцы, Груск, Асошнікі.

На выставе, у прыватнасці, прадстаўлены фотаздымак сям’і Перэс з вёскі Паўлава, якая была знішчана гітлераўцамі. Фотаздымак падаравалі музею сваякі сям’і, якія наведвалі гістарычную радзіму сваіх продкаў.

Упершыню наведвальнікі змогуць убачыць унікальныя экспанаты — арыгіналы спісаў Іаана Наўродскага.

Вядома, што на тэрыторыі ружанскай царквы ўтрымліваліся палонныя чырвонаармейцы, многія з якіх былі цяжка параненыя і паміралі ў палоне. Айцец Іаан дапамагаў хаваць іх на мясцовых могілках, складаў спісы памерлых. Дзякуючы яго спісам родныя змаглі даведацца пра месца пахавання сваякоў. Акрамя арыгіналаў і копій спісаў, на выставе дэманструецца каляндар 1938 года з подпісам Наўродскага з прыватнай калекцыі.

Самай вялікай трагедыяй Ружаншчыны стаў лёс вёскі Байкі — ёй на адкрыцці была прысвечана асобная тэма. Каля 1000 мірных жыхароў Байкоў і Клепачоў былі расстраляны 22 студзеня 1944 года, а в. Байкі была цалкам спалена. Захопнікамі таксама была знішчана вёска Канстанцінава з 35 двароў, яе 175 насельнікаў (67 з якіх — дзеці) былі забіты. Канстанцінава пасля вайны не адрадзілася.

— Пры стварэнні выставы «Незабытыя ахвяры вайны» мы пастараліся адлюстраваць маштабы трагедыі як усёй Беларусі, так і нашага рэгіёна. Сімвалічна, што гэты год праходзіць пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа, спрыяе патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення і пераасэнсаванню грамадствам культурных і маральных каштоўнасцей, – адзначыла дырэктар музея Крысціна Глушко.

Напрыканцы імпрэзы старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская павіншавала прысутных са святам Вялікай Перамогі, заклікала памятаць пра подзвіг беларускага народа і высокую цану, якою была здабыта перамога над фашызмам.

Выстава будзе дзейнічаць на працягу мая.

Іна Нячай, галоўны захавальнік фондаў Ружанскага музея. Фота Кацярыны Масік