Четверг, 17 апреля 2025

Годная справа – доўгая слава… Сёння споўнілася б 90 гадоў Сямёну Дзмітрыевічу Капітонаву

532

Мне хочацца ўспомніць пра добрага чалавека, якому сёння споўнілася б 90 год.

Сямён Дзмітрыевіч Капітонаў. Сапраўдны патрыёт, свядомы грамадзянін і верны сябар, памяць пра якога мы, пружанцы сталага ўзросту, беражліва захоўваем.

Беспрытульнае дзяцінства


Нарадзіўся ён 25 мая 1932 года ў ваенным гарадку Сакалова пад Магілёвам. Яго бацька — камандзір вайсковай часці, якая размяшчалася тут, — у ноч на 22 чэрвеня 1941 года сабраў свой паходны чамадан і сышоў назаўжды. Пра яго лёс ніякіх звестак родным не ўдалося знайсці. У пачатку жніўня немцы арыштавалі маці…

Так Сямён у дзевяць гадоў стаў беспрытульнікам. Жабраваў па навакольных вёсках, у лесе збіраў ягады, арэхі, на агародах рваў шчаўе, лебяду, спаў дзе давядзецца: у стагах сена, на гарышчах…

У чэрвені 1943 года Сямёну Капітонаву пашчасціла трапіць у партызанскі атрад. Аднойчы галодны, абарваны хадзіў па вёсках: хтосьці даваў бульбіну, хтосьці марковіну, а іншыя гналі няшчаснага, як бадзяжнага сабаку. І вось у адной з вёсак выпадкова ўбачыў, як двое мужчын абшуквалі чалавека, а потым павялі яго ў лес. Сямён пайшоў асцярожна следам — і выйшаў на партызанаў.

Партызанскімі сцежкамі


Адвялі хлопчыка да камандзіра Мікіты Ганчарова, які, як аказалася, добра ведаў яго бацьку. І адправіў Сямёна ў гаспадарчы ўзвод — дапамагаць гатаваць ежу, насіць ваду, дровы, чысціць бульбу, разводзіць маскіровачныя вогнішчы. Пасялілі ў зямлянцы.

Праз тры месяцы знаходжання ў лагеры Сямёна сталі рыхтаваць да разведкі. І вось — першае заданне. Хлопчыку трэба было разведаць абстаноўку на чыгуначнай станцыі «Магілёў» і зайсці на явачную кватэру. Апранулі яго ў падраную целагрэйку, надзелі старую шапку, павязалі хусткай, нагрузілі драўляныя саначкі дровамі і адправілі за 12 км — у Магілёў. На Дняпры з двух бакоў маста стаялі немцы і правяралі ўсіх. Сеню прапусцілі…

Сямён Дзмітрыевіч Капітонаў.

Ужо будучы сувязістам-разведчыкам, Капітонаў часта наведваў месцы, дзе знаходзіліся інфарматары, а, вярнуўшыся ў атрад, дакладваў камандзіру ўсё, што бачыў, пра што гаварылася. Аднойчы пасля яго дакладу быў здзейснены налёт на таварную чыгуначную станцыю, дзе сабралася вялікая колькасць цягнікоў з баявой тэхнікай і ўзбраеннем, і жывой сілай ворага. Фашысты панеслі вялікія страты: было знішчана некалькі цягнікоў, ад дэтанацыі выбухнулі склады з боепрыпасамі, …

У чэрвені 1944 года партызанскі атрад злучыўся з Чырвонай Арміяй, старыя і жанчыны вярнуліся дадому, а дзяцей-сірот накіравалі ў дзіцячыя дамы… Сямён Капітонаў быў накіраваны ў Магілёўскі спецдом №4.

Ад Ялты да Мурманска


Былога партызана прызначылі старшынёй савета дружыны і ў 1947 годзе накіравалі на месяц у піянерскі лагер «Артэк». У гуртку па разьбе з дрэва ён з сябрамі вырабіў партрэт Сталіна ва ўвесь рост з 147 тысяч кавалачкаў розных парод дрэва, за што яго разам з атрадам прэміравалі пуцёўкай у Маскву.

Па заканчэнні сямі класаў у 1949 годзе Капітонаў быў накіраваны ў Мурманскае фабрычна-заводскае вучылішча, дзе вучыўся на цесляра, адначасова хадзіў у вячэрнюю школу. Праз паўгода стаў цесляром чацвёртага разраду. Будаваў драўляныя двухпавярховыя дамы ў Севераморску, Мурманску, Кандалакшы і наваколлях Мурманска. Пазней адвучыўся на шафёра і працаваў у тым жа мурманскім будаўнічым трэсце.

Юнаку хацелася вучыцца далей. Але які выбраць накірунак? У 1953-м Сямён разам з сябрамі паехаў паступаць у Кіеўскі геолагаразведачны тэхнікум. Сябры іспыты не здалі, ён быў прыняты, але заставацца адзін у Кіеве не захацеў: паехаў з сябрамі ў Мінск, дзе адкрываўся новы тэхнікум электрасувязі. Ды на вакзале ў Мінску маладыя людзі сустрэліся з групай хлопцаў і дзяўчат, якія ехалі вучыцца ў Пружанскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. І далучыліся да іх.

Сустрэча з Пружаншчынай


Так «вандроўнікі» сталі навучэнцамі нашага тэхнікума (цяпер гэта аграрна-тэхнічны каледж). Стыпендыя была маленькай, усяго 14 рублёў у месяц, таму хлопцы падзараблялі ў Аранчыцах на разгрузцы вагонаў. На другім курсе Капітонаў быў прызваны ў рады Савецкай арміі і накіраваны ў навучальны танкавы батальён г.Наваград-Валынскі (Кіеўская ваенная акруга). Па заканчэнні «вучэбкі» яго прызначылі камандзірам танка Т-56. Неаднаразова маладога танкіста ўзнагароджвалі граматамі як майстра танкавай справы, фатаграфавалі на фоне разгорнутага сцяга часці, а ў кастрычніку 1957 года занеслі ў «Кнігу пашаны» Узброеных Сіл. Але гэта мы ўжо забягаем наперад.

Свінцовая восень 1956-га


Напачатку кастрычніка 1956 года Сямён Капітонаў разам з саслужыўцамі па трывозе пагрузіўся ў чыгуначны састаў з поўным баявым камплектам. Іх накіравалі ў Венгрыю, дзе пачалося антыўрадавае паўстанне.

У баі пад Будапештам Капітонаў быў паранены, атрымаў кантузію і апрытомнеў у Львоўскім ваенным шпіталі, дзе лячыўся больш за тры месяцы. Затым вярнуўся ў сваю часць, праслужыў яшчэ паўгода і чарговай камісіяй быў камісаваны ў запас з прысваеннем афіцэрскага звання — лейтэнант.

Мір — і каханне


Вярнуўшыся са службы, Капітонаў працягнуў вучобу ў Пружанскім тэхнікуме. Тут вёў спартыўную секцыю па гімнастыцы і акрабатыцы, удзельнічаў у будаўніцтве ціра паміж інтэрнатамі, дзе навучаліся стральбе не толькі навучэнцы тэхнікума, але і гарадская маладзь.

Неяк на маленькім трактары ДТ-25 Капітонаў апрацоўваў сад з боку гарадскога парка. Ідучы дадому, убачыў прыгожую дзяўчыну, якая палівала кветкі, і… спыніўся, каб дапамагчы. Праз некалькі дзён зноў сустрэўся з ёй у тэхнікуме на танцах, потым запрасіў у кіно…

Дзень вяселля.

15 чэрвеня 1960 года Сямён і Антаніна ўзялі шлюб. У іх нарадзілася трое дзяцей — Галіна, Дзмітрый і Уладзімір. Лёс сыноў склаўся трагічна: Уладзімір памёр немаўлятам, а Дзмітрый загінуў у 25-гадовым узросце. Галіна ж атрымала вышэйшую адукацыю і знайшла сваё прызванне ў педагагічнай галіне.

Выдатнік МУС


Пасля заканчэння тэхнікума Сямён Дзмітрыевіч быў накіраваны на адпрацоўку ў Бярозаўскі райаддзел міліцыі на пасаду дзяржаўтаінспектара. Неўзабаве яго прызначылі начальнікам ДАІ Бярозаўскага раёна. За адданую службу Капітонаў быў узнагароджаны знакам «Выдатнік МУС Беларусі» і шматлікімі граматамі.

Узнагароды Сямёна Дзмітрыевіча Капітонава.

У 1963 годзе ён паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер — БНТУ). Неўзабаве атрымаў прапанову перайсці на працу ў адну з пружанскіх будаўнічых арганізацый галоўным механікам. Праз паўгода стаў начальнікам участка сантэхмантажу па Кобрынскім і Пружанскім раёнах.

У кіруючым звяне


У 1968 годзе Сямёна Капітонава запрасілі на гутарку ў райкам партыі. У выніку ён быў прызначаны намеснікам старшыні Пружанскага райвыканкама. Пазней Сямён Дзмітрыевіч паспяхова скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу (цяпер — Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), адзінаццаць гадоў працаваў намеснікам старшыні райвыканкама па будаўніцтве. За гэты час былі пабудаваны школы, Дом Саветаў, жылыя шматкватэрныя дамы, устаноўлены помнік Леніну, выраблены генеральны план развіцця і будаўніцтва Пружан і яго наваколля. Капітонаў неаднаразова абіраўся дэпутатам раённага і нават абласнога Саветаў дэпутатаў.

Славутая «Капітонаўка»


Пазней Сямён Дзмітрыевіч быў прызначаны дырэктарам Ліноўскага спіртзавода, які ў той час знаходзіўся на грані развалу. Перш за ўсё ўмацаваў дысцыпліну на заводзе і прыняўся за рамонт будынкаў і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Па абмен вопытам Капітонаў ездзіў у Прыбалтыку, пасля чаго ўкараніў на сваім прадпрыемстве некаторыя інавацыі. У прыватнасці, былі пабудаваны механізаванае бульбасховішча на тысячы тон, збожжасховішча з поўнай механізацыяй падачы сыравіны і іншае. З часам Ліноўскі спіртзавод стаў лепшым у рэспубліцы. Па выніках пяцігодкі яго кіраўніка ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга, а шэраг рабочых атрымалі ордэн «Знак пашаны» і медалі. Ліноўскі спірт на Пружаншчыне і далёка за яе межамі называлі «капітонаўкай», і ён быў сапраўды якасным.

Давялося, дарэчы, Капітонаву і «падцягваць» і работу раённага камбіната бытавога абслугоўвання, які яму перадалі ў не самым лепшым стане. Кіраўнік аператыўна заняўся пошукам шляхоў рэалізацыі прадукцыі мэблевага цэха, выяўляў хібы ў рабоце абутковага, швейнага і вязальнага цэхаў, фоталабараторыі, цырульні, дывановага аддзялення. І праз кароткі час райкамбінат пачаў выконваць даведзеныя яму планы.

Ветэранская справа і слава


Сямён Дзмітрыевіч заўсёды меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, шмат увагі ўдзяляў рабоце па патрыятычным выхаванні моладзі. Дарэчы, ужо пасля выхаду на пенсію ён атрымаў прапанову папрацаваць у якасці ваенрука ў СШ №4.

Сямён Капітонаў з жонкай, 2020 год.

А ў 2004 годзе яго абралі старшынёй гарадскога савета ветэранаў вайны, пазней — намеснікам старшыні раённага савета ветэранаў вайны і старшынёй камісіі па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў і моладзі раёна.

30 верасня 2021 года Сямёна Дзмітрыевіча Капітонава не стала…

Аляксей Радзівончык, старшыня гарадскога савета ветэранаў. Фота з сямейнага архіва Капітонавых.