На мінулых выхадных адбылася гульня ў адказ футбольнага супрацьстаяння за сёмае месца ў агульнай турнірнай табліцы групы Б другой лігі Брэсцкага дывізіёна паміж камандамі «Пружаны» і ДЮСШ (Столін).
Матч праходзіў у Камянцы на стадыёне «Колас», на якім у апошні час наша каманда праводзіць хатнія гульні. З першых мінут паядынку кожная з каманд імкнулася завалодаць кантролем над мячом, аднак вялікай перавагі на гэтым этапе гульні нікому дабіцца так і не ўдалося. У сваю чаргу нашы футбалісты здолелі разабраць шэраг памылак, якія былі дапушчаны ў першым матчы, што дазволіла не даваць саперніку ў вялікай колькасці ствараць небяспечныя моманты. Бліжэй да сярэдзіны першага тайма футбалісты з Пружан здолелі зарабіць вуглавы, пасля падачы якога мяч трапіў у абаронцу саперніка і адскочыў у бок варот. Галкіпер гасцей быў бяссільны, а лік на табло быў зменены на 1:0. Пасля гэтай радаснай для нас падзеі відавочных змен у гульні не адбылося, хоць вострыя моманты ў абедзвюх варот сталі ўзнікаць крыху часцей. Падчас адной з атак нашай каманды мяч атрымаў капітан Раман Самасюк, ён здолеў пазбавіцца ад шчыльнай апекі апанента і паспеў аддаць перадачу на Аляксандра Протаса. Яна аказалася паспяховай і, здавалася б, вывела гульца сам-насам з галкіперам саперніка, але тут, на жаль для нас, раздаўся свісток арбітра, які зафіксаваў фол на нашым гульцы. Гэта выклікала відавочную незадаволенасць з боку футбалістаў з Пружан, бо гэта была патэнцыйна галявая атака, якая магла завяршыцца голам.
Другі тайм мала чым адрозніваўся па сваім змесце ад першага. Госці імкнуліся адыграць прапушчаны гол, але нашы хлопцы ўпэўнена трымаліся ў абароне, а паралельна падумвалі аб контратаках. Ужо ў дабаўлены арбітрам час футбалісты са Століна зарабілі вуглавы, з падачай якога нашы хлопцы здолелі справіцца, аднак першым на падборы апынуўся гулец гасцей, які прыгожым ударам аднавіў парытэт у матчы. Лік 1:1 працягнуў гарэць на табло да фінальнага свістка.
Агульны лік супрацьстаяння 3:6 на карысць каманды ДЮСШ (Столін) дазволіў ёй заняць сёмае месца ў агульнай турнірнай табліцы групы Б другой лігі Брэсцкага дывізіёна. Наша каманда размясцілася на восьмай пазіцыі, што таксама з’яўляецца нядрэнным вынікам.
Хочацца верыць, што наступны сезон для каманды «Пружаны» стане яшчэ больш удачлівым і дазволіць узняцца ў турнірнай табліцы вышэй.
Руслан Басак.