Сёлета споўніцца 385 гадоў, як гарадскому пасёлку Ружаны, вядомаму на ўсю Беларусь і далёка за яе межамі сваім унікальным палацам, было дадзена Магдэбургскае права. А гэта значыць — за аснову арганізацыі жыцця яго грамадзян быў узяты прынцып самакіравання, падтрымкі рамесніцтва і вызвалення мяшчан ад большай часткі феадальных павіннасцей.
А давайце ўзгадаем, як усё пачыналася…
Этымалогія назвы
У старажытных гістарычных крыніцах назва мястэчка згадваецца ў розных варыянтах: Ражана, Ражаная, Ражанка, Ружаная і, нарэшце, Ружаны.
Ёсць і розныя версіі паходжання гэтага слова.
Па адной з іх, назва пайшла ад слова «рог», «ражон» — паселішча на скрыжаванні. Па іншай версіі — ад слова «раджаніца», якое пазначае міфічную істоту, якая ахоўвала род, сям’ю і хатні ачаг.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што на паходжанне назвы паўплывала слова «руга» — так называўся збор грашыма або прыпасамі на ўтрыманне царкоўных служачых. Ружыць — збіраць ругу.
У «Тапанімічных эцюдах» Валянціны Лемцюговай напісана, што паселішча магло атрымаць назву ад ракі Ражанкі, упамін пра якую ў польскіх дакументах датуецца 1363 годам. А замена літары «а» на «у» здарылася пазней.
Таксама існуе прыгожае паданне, паводле якога назву мястэчку даў яго ўладар у гонар сваіх любых дачок — Ружы і Ганны.
Але большасць гісторыкаў усё ж лічыць, што паселішча атрымала сваю назву ў гонар ружы — кветкі, якая асабліва шануецца хрысціянамі. «Rosarium» – ружавы кветнік.
Першыя згадкі ў летапісах
Некаторыя даследчыкі спасылаюцца на 1481 год, выкарыстоўваючы старарускія летапісы. Але апісанне падзей і назваў у іх не маюць ніякага дачынення да нашай мясцовасці.
У кнізе Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны» згадваецца 1490 год, калі Ражана належала вялікаму князю і каралю Казіміру Ягелончыку (1440-1492) і ўваходзіла ў маёнтак Ласасін разам з дваром Бялавічы і вёскай Байкевічы.
У складзеным Акадэміяй Навук БССР «Зборы помнікаў гісторыі і культуры» чытаем: «Першая згадка пра Ружаны адносіцца да 1552 года, мястэчка належала Тышкевічам». Калі з датай можна пагадзіцца, то другое сцвярджэнне — аб прыналежнасці гэтаму роду менавіта ў гэты перыяд — недакладнае.
Род Тышкевічаў
Тышкевічы — старажытны шляхецкі род герба «Ляліва». Родапачынальнікам з’яўляецца Каленік Мішкавіч, які ў 1437 годзе ад вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы атрымаў вёскі і слабады на Украіне, на месцы якіх пазней быў пабудаваны горад Бярдзічаў.
У Каленіка было шэсць сыноў — Сенька, Івашка, Гетаўт-Андрэй, Акушка, Дзебра і Тышка. Менавіта нашчадкі апошняга і сталі пісацца як Тышкевічы. Пра гэта паведамляе манаграфія Яўстафія Тышкевіча, сына ўладальніка Ружан Васіля Тышкевіча.
Васіль
Ён перасяліўся ў Літву з Украіны ў пачатку XVI стагоддзя. Служыў каралю Сігізмунду I Старому і яго сыну. У 1516 годзе ажаніўся з князёўнай Аляксандрай Чартарыйскай, атрымаўшы ў пасаг маёнткі ў Лагойску, дзе адрадзіў замак і Богаяўленскі храм. Удзельнічаў у бітвах з крымскімі татарамі.
З «Залатой кнігі польскай шляхты» Тэадора Жыхмінскага можна даведацца, што Васіль быў вельмі адукаваным чалавекам. Добра ведаў гісторыю, уваходзіў у склад пасольства на перамовах з татарскімі, маскоўскімі і італьянскімі пасламі.
Ва ўзнагароду за свае заслугі атрымаў уладанні ў Падляшскім і Смаленскім ваяводствах.
Пасля заключэння Люблінскай уніі Васіль Тышкевіч аказаўся ў апазіцыі да караля і пратэставаў супраць дзяржаўнага саюза з Польшчай. За гэта быў пазбаўлены пасады падляшскага ваяводы.
У вядомай публікацыі Ігара Капылёва «Тышкевічы» (газета «Звязда» ад 5.03.2003) напісана, што Васіль Тышкевіч з’яўляўся старастам Ваўкавыскай, Пінскай, Гайнаўскай і іншых адміністрацыйных акруг. Пра Ружаны там ні слова.
Калі ж ён стаў уладальнікам Ружан?
З «Літоўскай метрыкі» таксама вынікае, што ў 1552-1562 гадах Васіль Тышкевіч насіў тытул «маршалка гаспадарскага, старасты Мінскага і Ваўкавыскага, дзяржаўцы Краснасельскага. Валодаў маёнткамі Прусавічы, Мсціжы, Вепранскае, Дольцы, Ніўе, Краснае, Завілейкі, Дальковічы, Межырэчча, Лыскава».
Як бачым, Ружаны ў 1552-1562 гг. яшчэ не ўваходзілі ва ўласнасць гэтага шляхціца, але затое ў Лыскаве ў 1560 годзе ён будуе замак. Выбар месца быў невыпадковым: раней там будаваўся каралеўскі замак жонкі Сігізмунда I Старога — каралевы Боны.
І нарэшце…
Толькі ў 1565 годзе па каралеўскім загадзе Васіль Тышкевіч атрымаў у дар мястэчка Ражана з пушчай.
З манаграфіі Яўстафія Тышкевіча «Groby rodziny Tyszkewiczow», 1573:
«Кароль Сігізмунд Аўгуст Васілю Тышкевічу ў Гродне прысвоіў прывілеі «За вернасць і добрую службу» на валоданне дваром Ласасін з мястэчкам Ражана ў пажыццёвае карыстанне і сядзібу Бялавічы разам з бліжэйшымі паселішчамі».
1565 год, як год атрымання Ружан Тышкевічам, пацверджаны і Тэадорам Жыхлінскім у ягонай «Залатой кнізе…»:
«Васіль Тышкевіч…прывілеямі караля, датаванымі ў Гродне 7 жніўня 1565 года, атрымаў двор Ласасін з мястэчкам Ражана, а таксама сядзібу Бялавічы з зямлёй».
1567 год
8 студзеня 1567 года на сойме ў Гродне кароль абвясціў новыя прывілеі Тышкевічу, якія з’яўляліся нібы дадаткам да папярэдніх.
Кароль пачынаў з заслуг Васіля Тышкевіча перад тронам і Айчынай. Казаў захоплена аб яго службе, ваенных чынах, азначаных асабістымі ранамі «на целе і твары», аб тым, што падчас вайны той за свой кошт утрымоўваў конных і пешых «drabow» (ваяроў). І, акрамя таго, на патрэбы земскія даваў 9000 кап. літоўскіх…
У 1567 годзе кароль забараніў падданым воласці Смаленскай і шляхце навакольнай уваход у Ласасінскую пушчу. З таго часу Ражана стала любімым месцам знаходжання Васіля Тышкевіча.
Графскі род
У 1569 годзе кароль прысвоіў Васілю Тышкевічу тытул графа, чым ганарыліся яго нашчадкі.
Граф Тышкевіч быў двойчы жанаты. Ад першага шлюбу з Аляксандрай з рода Чартарыйскіх меў дачку Анастасію (жонку Івана Мялешкі) і трох сыноў — Юрыя, Каленіка і Яўстахія. Ад другога шлюбу з Анастасіяй Сапоткаўнай меў дачку Аляксандру (жонку Аляксандра Хадкевіча) і сына Яўстахія Серафіна.
У 1570 годзе Васіль Тышкевіч пакінуў завяшчанне, паводле якога частка зямель (маёнтак Ласасін, Белавежа, Здзітаў, Лыскава і Ражана) пераходзіла яго дачцэ Аляксандры, а частка — малалетняму Яўстахію.
Апроч таго, граф наказаў пахаваць сябе ў Супрасльскім манастыры.
Памёр Васіль Тышкевіч у 1571 годзе. На яго надмагіллі, якое было зроблена са звычайнага каменю, мелася выява родавага герба і надпіс: «Въ лето от нароженія Господа Бога и Спаса нашего Іисуса Христа 1571 месеца августа 13 дня въ неделю, преставися рабъ Божій панъ Васили Тышковичъ воевода смоленскій, староста менскій и пинскій, положенъ въ храм Благовещенія Богородицы въ монастыру Супраськомъ».
Графіня Аляксандра распрадала частку ўладанняў, пакінутых ёй бацькам, а правы на большую іх частку (у тым ліку і Ражаны) перадала свайму цесцю Іераніму Язлавецкаму, які прадаў уладанні Барташу Бруханскаму.
У 1598 годзе ўладальнікам Ружан стаў канцлер Леў Сапега. І нарэшце ў 1637 годзе Ружаны атрымалі Магдэбургскае права.
Вера Церахава, в. Магілёўцы