Воскресенье, 20 апреля 2025

Год бяспечнай працы абвешчаны сёлета ў сферы энергетыкі. Паглядзелі, якім чынам наладжана ахова працы на Пружанскіх электрасетках

1 124

Рубель зэканоміць, а дзесяць страціць… Менавіта такія вынікі атрымліваюць у арганізацыях, дзе ахова працы наладжана абы як. Гэта пацвярджаецца сумнай статыстыкай няшчасных здарэнняў на вытворчасці з траўміраваннем работнікаў, аварыйных сітуацый, у выніку якіх зрываюцца планы і прастойвае абсталяванне. Падобныя праявы наносяць сур’ёзную шкоду эканоміцы краіны ўвогуле.

Каб іх папярэдзіць, праводзяцца штогод мерапрыемствы ў рамках Года бяспечнай працы, абвешчанага сёлета ў сферы энергетыкі.

Як расказвае спецыяліст раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ж.М.Клімец, у нашым раёне ёсць прадпрыемствы, якія могуць служыць станоўчым прыкладам. У якасці іх Жанна Мікалаеўна называе энергетычную галіну, работу якой падтрымлівае калектыў Пружанскіх электрасетак. У гэтым мы пераканаліся падчас наведвання вытворчай базы і структурных падраздзяленняў гэтага прадпрыемства мабільнай групай райвыканкама на чале з намеснікам старшыні С.М.Ханавец.

Ахова працы ў энергетыкаў наладжана комплексна. Па-першае, удзелена ўвага санітарна-гігіенічным умовам. Для чаго ўладкавана не проста «бытоўка», з-за маштабаў яе можна назваць сапраўдным рэлаксацыйным комплексам. Гэта асобнае, а не прыстасаванае памяшканне, дакладней аб’яднанне некалькіх, якія змяшчаюць раздзявалку, туалет, душ і нават парылку з міні-басейнам. Кожны метр пакояў прадуманы і аснашчаны неабходнымі прыладамі для стварэння атмасферы ўтульнасці і камфорту.

Другім накірункам з’яўляецца забеспячэнне сродкамі індывідуальнай аховы, амуніцыяй і спецадзеннем. Устаноўлены строгія правілы адпаведнасці гэтых рэчаў, іх выкарыстання і тэрміны замены выдадзенай маёмасці. Трэцім фактарам забеспячэння бяспекі працы з’яўляецца пастаянная работа па павышэнні кваліфікацыі работнікаў і праверкі якасці засваення ведаў. Напрыклад, абсталяваны сучасны клас для заняткаў па ахове працы і тэсціраванні, арганізуюцца рэгулярныя і пазачарговыя іспыты. У дадатак у арганізацыі ўведзена своеасаблівая «талонная сістэма». Да кваліфікацыйнага пасведчання выдаюцца тры спецыяльныя талоны. За кожнае парушэнне забіраецца адзін талон, што суправаджаецца дэпрэміраваннем, пазбаўленнем кваліфікацыйных надбавак і канчатковым звальненнем з-за неадпаведнасці займаемай пасадзе. Такое спалучэнне «перніка і пугі» прымушае да дысцыплінаванасці і адказнасці.

— У першым паўгоддзі бягучага года не было забрана ніводнага талона, — расказвае інжынер па ахове працы К.В.Рэчыц. — Хаця гэта не азначае, што сітуацыя ў нас увогуле ідэальная, ёсць і іншыя меры дысцыплінарнага спагнання, за якія можна пазбавіцца прэміяльных.

Па сёлетніх планах паляпшэння ўмоў працы і забеспячэнне бяспекі на вытворчасці ў Пружанскіх электрасетках мяркуецца ўкласці больш за 132 тысячы рублёў. Амаль палова з гэтай сумы выдаткавана, у выніку на аднаго работніка прадпрыемства затраціла 220 рублёў. Ці ёсць сэнс у такіх выдатках, калі іншыя вытворцы трацяць на парадак меншыя сумы? Гэтае пытанне мы задалі дырэктару філіяла А.А.Усіку.

— Трэба разумець, што наша галіна вызначаецца небяспечнымі ўмовамі працы, таксама ўся наша вытворчасць з’яўляецца аварыйна небяспечнай, — зазначае Аляксандр Аляксандравіч. — Пры гэтым у выніку няштатных сітуацый церпіць не толькі ПЭС, але і многія спажыўцы, што залежаць ад нашай бездакорнай работы. З улікам гэтага эканомія не толькі немэтазгодная, а нават злачынная. Таксама ўлічыце, што працаваць у такой сферы могуць высокакваліфікаваныя спецыялісты, маючыя багаты вопыт і адпаведны багаж ведаў. Падрыхтоўка спецыялістаў толькі ніжняга звяна энергетыкаў займае не менш года, для высокіх катэгорый спатрэбіцца больш часу. На што выдаткоўваюцца немалыя грошы, якія губляюцца, калі работнік у выніку траўмы стаў часова непрацаздольным. Яму трэба аплаціць лячэнне, замяніць на працоўным месцы, а абсталяванне адрамантаваць. І нарэшце, ёсць яшчэ рызыка ўскосных страт, да якіх можна далучыць рэпутацыйныя. Калі ў нас будуць часта адбывацца аварыі, ці захаваем мы аўтарытэт стабільнага партнёра?

Відавочна, што такі падыход поўнасцю апраўданы, нават тым, што на прадпрыемстве працяглы час не рэгіструюцца няшчасныя выпадкі. Нават ва ўмовах маштабнай будоўлі, што разгарнулася на асноўнай базе ПЭС, працэс ідзе арганізавана і строга кантралюецца. Але галоўнае не «спачываць на лаўрах», а падтрымліваць узятую планку на тым жа ўзроўні. Тым самым паказваючы ўзор іншым арганізацыям раёна.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік