Вы ведаеце, што агульнага паміж гэтым усмешлівым хлопцам на фота і акцёрам Харысанам Фордам, вядомым па “Зорных войнах”?

А яшчэ са Скарлет Ёхансан, Майклам Дугласам і многімі іншымі вядомымі асобамі — ад вялікіх кампазітараў да мастакоў, прэзідэнтаў і нобелеўскіх лаўрэатаў? Ва ўсіх у іх — беларускія карані. Тут: у Мінску, Іўі, Нясвіжы, Чавусах і г.д. — нарадзіліся іх дзяды і прадзеды.
А вось уладальнік шыкоўнай усмешкі Уільям Барылка, славуты канадскі хакеіст, абаронца НХЛ, яшчэ бліжэй да нас па крыві: на Пружаншчыне нарадзіліся яго бацькі, якія эмігравалі ў пачатку ХХ стагоддзя ў Канаду.
Хай не хлусіць Вікіпедыя, нібыта ў Уільяма — украінскае паходжанне. На самай справе, яго бацька Сцяпан Барылка нарадзіўся ў 1892 годзе ў Дабучыне пад Пружанамі, пераехаў у 1910-м у Канаду, дзе стаў звацца Стывенам. А маці Феадосія Карпінчук нарадзілася ў 1899-м у Малечы (тады мястэчка ўваходзіла ў склад Пружанскага павета), за акіян у пошуках лепшага жыцця адправілася ў 25-гадовым узросце…
Аднойчы ў цягніку, які ішоў у Цімінс (канадская правінцыя Антарыа), яны і сустрэліся. Праз год у беларускіх імігрантаў нарадзіўся першынец, якога назвалі Алексам на амерыканскі манер. Яшчэ праз год, 5 сакавіка 1927 года, на свет з’явілася будучая зорка сусветнага хакея Уільям, ці як яго называлі родныя, — Біл Барылка…
Цяжкае фінансавае становішча сям’і вымусіла хлопчыка рана пасталець. У школе Барылка вучыўся горш за іншых (пасля высветлілася, што з-за дрэннага зроку ён амаль не бачыў напісанага на дошцы). З цяжкасцю давучыўся да восьмага класа, у пятнаццаць гадоў кінуў школу і ўладкаваўся, як і бацька, працаваць у шахце па здабычы золата.

Аднак Стывен хацеў пазбавіць сына цяжкай долі шахцёра і пераканаў заняцца спортам, у прыватнасці, хакеем. Іншых шляхоў выбрацца з Паўночнага Антарыа ў юнака не было. Балазе, хакей неўзабаве стаў неадчэпнай ідэяй для Біла, які марыў гуляць у НХЛ…

Стартавая спартыўная пяцігодка Біла была ўражлівай. Сваю кар’еру юнак пачаў у камандзе “Галівуд Вулвз” хакейнай лігі Ціхаакіянскага ўзбярэжжа. А адтуль у лютым 1947 г. адразу адправіўся ў Таронта, у самую дарагую на той момант хакейную каманду планеты “Таронта Мэйпл Ліфс” ( “Кляновае лісце Таронта”), у якой гуляў да 1951 года.

Як успаміналі пазней гульцы яго каманды, высокі бялявы Біл, упершыню ўвайшоўшы ў раздзявалку, зачараваў хакеістаў сваёй усмешкай і сапраўднай шчырасцю. Усім стала зразумела, што ён народжаны для вялікіх перамог.

Барылку тройчы ўключалі ў склад сімвалічнай зборнай “Усе зоркі НХЛ”. У 252 гульнях Біл набраў 62 ачкі і дапамог “кляновым” за пяць гадоў стаць чатырохкратнымі ўладальнікамі Кубка Стэнлі. Ён быў незаменным для сваёй каманды: мог спыніць любога нападаючага. Умеў гуляць супраць некалькіх гульцоў адначасова.

Сваю апошнюю шайбу ўлюбёнец публікі забіў у авертайме пятай гульні з “Манрэалем Канадыенс” і прынёс сваёй камандзе чарговы тытул чэмпіёнаў. Уладальнік “Манрэаля” Дык Ірвін падчас узнагароджання прызнаўся: “Я ненавіджу Барылку, але хацеў бы, каб ён гуляў за нас”.
Тады ніхто не падазраваў, што пераможная шайба стане для Барылкі апошняй…
Пасля той гульні шчаслівыя гульцы і трэнеры ўзялі водпускі і раз’ехаліся па розных частках краіны. Біл разам са сваім сябрам запланаваў адправіцца на рыбалку ў наваколле Квебека.
Вылет быў прызначаны на пятніцу, 24 жніўня 1951 года.
Як стала вядома пазней, яго маці ні за што не хацела адпускаць сына. Справа ў тым, што некалькімі гадамі раней менавіта ў пятніцу загінуў Стывен — Сцяпан. Але Біл палічыў мацярынскія страхі надуманымі.
Раніцай сын нахіліўся над ложкам, каб пацалаваць маці, але тая зрабіла выгляд, што спіць. Пасля яна шкадавала пра свой учынак усё жыццё. Біл не вярнуўся… На зваротным шляху з Квебека 26 жніўня аднаматорны самалёт пацярпеў крушэнне. Ні рэшткаў машыны, ні астанкаў людзей тады не знайшлі.
Іх шукала ўся Канада. Доўгія месяцы ратавальнікі прачэсвалі непраходныя лясы, але нагружаны рыбай самалёт знік бясследна (як калісьці, дарэчы, у 1937 годзе ў гэтых лясах знік траюрадны брат Біла — поўны цёзка, яго таксама звалі Уільям Барылка).
У спартыўным асяроддзі пачалі хадзіць неверагодныя чуткі, нібыта Барылка паляцеў на радзіму бацькоў, у СССР, каб вучыць хакею савецкіх дзяцей…
Пасля гібелі свайго лепшага абаронцы каманду “Таронта Мэйпл Ліфс” нібыта падмянілі: на працягу многіх гадоў яна не магла выйграць галоўны трафей лігі. Хакеісты і іх балельшчыкі ў гэтай чарадзе няўдач бачылі нават містычны след і пагаворвалі, што “Мэйпл Ліфс” не стане чэмпіёнам да таго часу, пакуль цела Біла не будзе знойдзена…

Галоўнага фіналу давялося чакаць адзінаццаць доўгіх гадоў. Месца крушэння самалёта было выяўлена толькі ў 1962 годзе далёка на поўнач ад меркаванага маршруту, у тайзе за 100 кіламетраў ад горада Кокран у правінцыі Антарыа. Па заключэнні спецыялістаў аварыю выклікалі вялікая загружанасць самалёта і дрэннае надвор’е.

Дзіўна, але ў тым жа годзе каманда Барылкі заваявала свой доўгачаканы — пяты (!) — Кубак Стэнлі. І нумар “5”, пад якім у апошні год свайго жыцця гуляў Уільям Барылка, па рашэнні кіраўніцтва каманды быў замацаваны за ім навечна…

P.S. Што цікава, пачынаў славуты хакеіст гуляць пад нумарам “21”. Можа, гэта таксама сімвалічна, каб нагадаць пра яго на радзіме продкаў у наступным 2021 годзе? Глядзіш, і Пружаншчына народзіць новых зорак сусветнага хакея, а Пружаны стануць пабрацімам самога Таронта.
Алена Зялевіч.