Понедельник, 16 сентября 2024

Главврач РайЦГиЭ ответил на вопросы наших читателей о коронавирусной инфекции

955

“Ні для кога не сакрэт, што абстаноўка ў краіне, у тым ліку і ў нашым раёне, у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі з кожным днём становіцца ўсё напружаней. Таму вельмі дзіўна бачыць, як у некаторых прадуктовых магазінах, кафэ і кафетэрыях, тавар прадаецца з адкрытых латкоў: агародніна і садавіна, булачкі і пернікі, тарты і пірожныя з крэмам – усё, што не падлягае далейшай тэмпературнай апрацоўцы, ляжыць на адлегласці “чыху”. Ну як так?! Выходзіць, купляйце, калі ласка, і не звяртайце ўвагу на тых пакупнікоў, хто кашляе ці чыхае побач? З іншага боку, чаму прадаўцы, асабліва тыя, хто фасуе тавар ці абслугоўвае на касе, не прытрымліваюцца рэспіраторнага рэжыму: не носяць маскі і гумовыя пальчаткі? Няўжо яны не здагадваюцца, што такім чынам становяцца патэнцыйнымі разносчыкамі інфекцыі. Не хвалюецеся пра сябе, дык пра іншых падумайце! Цікава, якія прафілактычныя меры прымаюцца нашай санітарнай службай, каб спыніць такую абыякавасць да пакупнікоў?
Ірына, г. Пружаны

“Каранціну ў нас няма. Кажуць, што каранавіруса таксама няма, аднак іншыя вірусныя інфекціі ніхто “не адмяняў”. Калі жадаеце захварэць, падкажу адзін дакладны рацэпт: праедзьце ў гадзіну пік у гарадскім аўтобусе, асабліва ў накірунку Пружаны-Аранчыцы, калі кожны другі сусед, здаецца, так і наровіць кашлянуць табе ў твар, калі кандуктар таксама не мае сродкаў аховы. Людзі, будзьце разважлівымі: раз ужо немагчыма ў транспарце дзеля прафілактыкі трымаць дыстанцыю, то праяўляйце выхаванасць і ўзаемапавагу: надзявайце маскі – і тыя, хто захварэў, і тыя, хто не хоча захварэць! Наша здароўе – у нашых руках”.
Святлана, г.Пружаны

Думкі чытачоў каменціруе галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Пружанскага раёна, галоўны ўрач Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Андрэй Уладзіміравіч Шырын:
— Каранцін у нашай краіне не абвешчаны. Таму ўсе звароты санітарных службаў пакуль носяць толькі рэкамендацыйны характар. На жаль, прымусіць людзей выконваць рэспіраторны рэжым і ўжо тым больш прыцягнуць іх за яго парушэнне не можам.
Мы толькі рэкамендуем кіраўнікам усіх устаноў разгледзець пытанне ўстаноўкі на ўваходах у будынкі антысептыкаў і вадкага мыла для рук, рабіць уборкі памяшканняў з выкарыстаннем антысептычных сродкаў. Звяртаемся да ўсіх, хто вымушаны працаваць у цесным кантакце з людзьмі: прымайце хоць бы мінімальныя прафілактычныя меры — надзявайце маскі і аднаразовыя гумовыя пальчаткі.
Кожны дзень нашы спецыялісты аб’язджаюць гандлёвыя кропкі, манітораць сітуацыю на месцах, выяўляюць недахопы і зноў рассылаюць інфармацыйныя лісты. Але вы павінны разумець, мы не можам пракантраляваць кожны працэс апрацоўкі. Захаванне прафілактычных мерапрыемстваў застаецца на сумленні саміх суб’ектаў.
Што тычыцца інфармацыі аб сітуацыі па каранавірусе ў раёне, то тройчы на тыдзень (у панядзелак, сераду і пятніцу) на сайце Пружанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па спасылцы http://pruzhanycge.of.by/index.php/ru мы будзем яе выкладваць і абнаўляць. Аналагічная інфармацыя (колькі чалавек прайшло каранційны кантроль, колькі знаходзіцца пад наглядам і г.д.), размяшчаецца на сайце абласнога цэнтра.
На сённяшні дзень у раёне ў інфекцыйным аддзяленні адсутнічаюць асобы, шпіталізаваныя з падазрэннем на захворванне каранавіруснай інфекцыяй. Пад медыцынскім наглядам на даму знаходзіцца 131 чалавек.
Хочацца звярнуць увагу на тое, што апошнім часам у сацыяльных сетках неабдумана нагнятаецца паніка, звязаная нібыта з масавым распаўсюджваннем у некаторых абласцях Беларусі каранавіруснай інфекцыі. Адны вераць, іншыя – не, паколькі разумеюць, што кожны год на люты-сакавік у Беларусі прыходзіцца пік “стандартных” вірусных захворванняў.
Я лічу, што няма падстаў не давяраць статыстыцы Міністэрства аховы здароўя. У мяне самога сын вучыцца ў Віцебску, навучальны працэс там не спынены, толькі адменены, як і ў брэсцкіх установах, некаторыя лекцыі і стаў больш жорсткім прапускны рэжым у інтэрнатах. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.