Понедельник, 28 апреля 2025

Главный зоотехник ОАО «Агро-Колядичи»: «В животноводстве мелочей не бывает»

1 024

ААТ «Агра-Калядзічы» — гаспадарка, якая на працягу многіх гадоў з’яўляецца лідарам у малочнай жывёлагадоўлі раёна. У мінулым годзе ў разліку на карову тут было атрымана 7043 кілаграмы малака. Прычым   93 працэнты яго было рэалізавана на перапрацоўку класам «экстра».

У гэтыя чэрвеньскія дні сутачны надой на карову па гаспадарцы складае звыш 23 кілаграмаў малака, што на шэсць кілаграмаў больш, чым у сярэднім па раёне.

За ўсімі гэтымі паказчыкамі стаіць карпатлівая работа заатэхнічнай службы, якую ўзначальвае Іосіф Казіміравіч Захарка.

Нарадзіўся Іосіф Казіміравіч у 1966 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Вялікія Пугачы Шчучынскага раёна. Бацька працаваў на мясцовай ферме, а маці — у паляводстве. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут,  набыў спецыяльнасць зааінжынера.

Працоўную дзейнасць пачынаў у адной з гаспадарак Свіслацкага раёна,  дзе спачатку ўзначальваў малочнатаварны комплекс, а потым стаў галоўным заатэхнікам.

У калгас «Рассвет» Пружанскага раёна сям’я Захаркаў пераехала ў 2001 годзе. Менавіта з гэтага часу Іосіф Казіміравіч і ўзначальвае заатэхнічную службу цяперашняга таварыства.

Жонка Іна Мікалаеўна працуе ў гаспадарцы бухгалтарам. Сын — урач Лунінецкай бальніцы. Дачка — студэнтка Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Іосіф Казіміравіч з жонкай пражываюць у доме прысядзібнага тыпу ў Калядзічах і вядуць асабістую падсобную гаспадарку.

Працоўныя дасягненні Іосіфа Захаркі адзначаны Падзячным пісьмом аблвыканкама  і Граматай райвыканкама.

Але сухія біяграфічныя звесткі, згадзіцеся, не даюць поўнага ўражання аб асобе. Магчыма, больш раскрыць характар гэтага чалавека дапамогуць традыцыйныя пытанні гэтай рубрыкі.

— Іосіф Казіміравіч, пра што марылі ў дзяцінстве?

— Па прыкладзе бацькоў марыў звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Але самае галоўнае — быць карысным людзям.

— Самыя яркія ўспаміны дзяцінства?

— Вучоба ў першым класе школы.

— Самае галоўнае, чаму Вас у дзяцінстве навучылі бацькі?

— Любові да вясковай працы.

— Якія прадметы больш за ўсё падабаліся ў школе?

— Біялогія і хімія.

— Любімая мясціна на зямлі. Дзе яна знаходзіцца?

— Гэта мая родная вёска Вялікія Пугачы,  дзе да гэтага часу стаіць бацькоўскі дом. На жаль, цяпер ён апусцеў.

— Які самы памятны дзень у жыцці?

— Выпускны вечар у інстытуце.

— Чым падабаецца вёска Калядзічы?

— Размешчана недалёка ад райцэнтра. Тут жывуць працавітыя людзі.

— На што Вам не шкада патраціць грошы?

— На дзяцей.

— Што больш падабаецца: зіма або лета?

— Больш  люблю лета.

— Самая любімая свойская жывёла?

— Сабака.

— Кадры, кармы, каровы… Што для поспеху Вашай працы  самае галоўнае?

— Тут усё галоўнае. Калі выпадае адно са звёнаў гэтага ланцужка, у малочнай жывёлагадоўлі поспеху не дасягнеш. А ўвогуле ў жывёлагадоўлі, як і ў любой справе, не бывае дробязей.

— Калі б давялося выбіраць паміж домам і кватэрай, то чаму аддалі б перавагу?

— Адназначна  — дом. Гэта ж свой сад і агарод.

— Вы «сава» ці «жаўрук»?

— Штодзень раніцай падымаюся ў 6 гадзін, таму лічу, што «жаўрук».

— Кніга ці кіно?

— Кіно.

— Любімы занятак у вольны час.

— Праца па гаспадарцы.

— «БМВ» або «Мерседэс»?

— Езджу на службовым аўтамабілі «Ніва», а дома маю «VW-Пасат Б7».

— Любімы пісьменнік?

— Максім Горкі.

— Любімы від спорту?

— Хакей.

— Калі б усё давялося пачаць спачатку?

— Паўтарыў бы свой жыццёвы шлях.

Гутарыў Мікола Архуцік. 

Фота Сяргея  Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *