У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма прайшла духоўна-музычная вечарына «Годны пастыр», прысвечаная памяці іерэя Паўла Балабушэвіча – святара Сухопальскай царквы, які служыў тут у 1851-1889 гадах.
Яшчэ ў 60-х гадах XIX стагоддзя вядомы гісторык Міхаіл Каяловіч пісаў, што народ, які мае сваю гісторыю і захаваў суцэльныя нацыянальныя пачаткі, абавязкова выставіць падзвіжнікаў народнай справы, а яны як ідэалы жыцця захаваюцца ў жывой памяці людзей. Наша зямля багатая на такія прыклады, сярод іх – служыцелі правінцыяльных праваслаўных храмаў. Дзейнасць некаторых сельскіх пастыраў заслугоўвае таго, каб нашчадкі ведалі іх імёны. Адным з такіх шаноўных святароў у свой час быў Павел Васільевіч Балабушэвіч.
Нарадзіўся айцец Павел 4 сакавіка 1827 года ў в. Горбанка Кобрынскага павета. Пасля заканчэння Жыровіцкай духоўнай семінарыі два гады быў выхавальнікам Віленскага духоўнага вучылішча, а затым, каб дапамагчы састарэламу бацьку выконваць пастырскія абавязкі, прыняў невялікі Андронаўскі прыход. За кароткі час прыхаджане палюбілі маладога святара за яго дабрыню і спагадлівасць. А калі малодшы брат узяў на сябе клопат пра бацьку, Павел Васільевіч перавёўся ў Сухопальскую царкву. За гады службы ён двойчы аднаўляў звонку і ўнутры драўляны храм, прывёў у парадак Крыніцкую прыпісную царкву. Іерэй Павел Балабушэвіч першым адкрыў у вёсцы царкоўна-прыходскую школу і стаў настаўнікам і выкладчыкам Закона Божага, вёў вялікую прапаведніцкую дзейнасць, быў віцэ-благачынным і духаўніком Шарашоўскага благачыння. Працалюбства і стараннасць айца Паўла былі неаднаразова адзначаны епархіальным начальствам і дырэкцыяй народных вучылішчаў.
Падчас духоўна-музычнай вечарыны аповед пра нястомнага пастыра Літоўскай епархіі (да 1900 года праваслаўныя цэрквы Пружанскага павета адносіліся да яе) суправаджаўся спевамі царкоўнага хору храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага пад кіраўніцтвам рэгента Наталлі Ліцвіновіч. З цікавымі звесткамі пра іншых святароў з роду Балабушэвічаў выступіў благачынны цэркваў Пружанскай акругі протаіерэй Міхаіл Носка.
Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ выдадзена краязнаўча-праваслаўнае выданне пра Паўла Балабушэвіча «Дбайны служыцель Божы», з якім можна пазнаёміцца ў чытальнай зале. Няхай жыве памяць пра гэтага самаадданага працаўніка на ніве Гасподняй.
Вольга Макарчук