Среда, 19 февраля 2025

Гісторыя з фотаздымкамі: была ў Купліне школа

935

Прапануем вам кароткую гісторыю пра колішнюю 4-гадовую польскую школу ў вёсцы Куплін і два фотаздымкі, на адным з якіх адлюстраваны апусцелы будынак гэтай школы, а на другім — яе былыя вучні з шыльдай на беларускай мове ў пасляваенны час.
Двухпавярховы драўляны будынак школы ў Купліне з чатырохсхільным гонтавым дахам быў пабудаваны ў 1935 годзе. Атрымаць пачатковую адукацыю тут мог кожны жадаючы. Навучанне вялося на польскай мове, але размаўляць на роднай (беларускай ці рускай) мове не забаранялася.
Ва ўстанове былі дзве навучальныя аўдыторыі і канцылярыя на першым паверсе, на другім — кухня. Вядома, што ў зімовы перыяд школу абагравалі чатыры печкі. За будынкам школы быў разбіты сад, дзе раслі яблыні, грушы і слівы. Каля ўстановы пасаджана ліпавая алея, рэшткі якой можна ўбачыць і зараз.
Вось як успамінае пра гады сваёй вучобы былая вучаніца Куплінскай школы Марыя Нікалайчук (1927 года нараджэння):
— Памятаю, што настаўнікі вучылі нас шмат чаму карыснаму. Да таго ж, мы вельмі цікава бавілі вольны час: на вуліцы гулялі ў мяч, займаліся бегам, бывала, што нават у Пружаны хадзілі на спаборніцтвы.
Калі немцы напалі на Польшчу, рух у школе заціх, аднак недзе праз месяц прыйшлі Саветы, і школа зноў пачала працаваць. Праўда, усіх дзяцей, якія вучыліся ў 3 і 4 класах польскай школы, перавялі назад у 1 і 2 класы адпаведна і сталі перавучваць, бо рускай мовы, літаратуры і гісторыі мы не вывучалі.
Зразумела, падчас Вялікай Айчыннай вайны школа была закрыта і ажыла толькі пасля вайны, але ўжо як беларуская адукацыйная ўстанова. Адметна, што Куплінскую школу ў свой час скончыла шмат вядомых людзей, сярод іх — і выдатны беларускі мастак Іосіф Крупскі, які нарадзіўся ў Купліне і доўгі час працаваў у Санкт-Пецярбургу.
Да сённяшняга часу будынак школы не захаваўся.
Зміцер Юркшайціс.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *