У адрозненне ад старых фотаздымкаў, якія знаходзяцца ў сямейных альбомах нашых чытачоў, гэты знайшоўся ў зборах польскага «NAC» — Нацыянальнага лічбавага архіва.
Ён быў зроблены ў 1935 годзе. Подпіс сведчыць, што адлюстравана ўрачыстая працэдура ўручэння пружанскаму старасту Станіславу Хмялеўскаму урнаў з зямлёй, прызначанай для кургана ў Са-вінцы.
Аказваецца, яшчэ ў 1934 годзе было вырашана насыпаць курган Свабоды ў Кракаве на вяршыні самага высокага пагорка Савінец. Па жмені зямлі для яго збіралі па ўсёй Польшчы — з месцаў баёў за незалежнасць, пахаванняў польскіх легіянераў. Пазней курган назвалі ў гонар нацыянальнага лідара Юзафа Пілсудскага.
Прадстаўнікі гмін, якія прывезлі урны з зямлёй, наладзілі перадачу іх старасту на каталіцкіх могілках, дзе таксама ёсць брацкая магіла. На фота бачна, што за плотам могілак — яшчэ раскінулісь палеткі. Цяпер пры здымцы з падобнага ракурсу на заднім плане будуць дамы гарадской забудовы.
Ірына СЯДОВА.