Пружаны. Чэрвень, 1931 год.
Нягледзячы на тое, што горад тады быў параўнальна невялікі (каля 7600 чалавек), у ім было некалькі фотамайстэрняў.

Найбольшай папулярнасцю ў спажыўцоў карысталася майстэрня нейкага М. Леві. Усе яго фотаздымкі, як і гэты, што перад вамі, былі пазначаны на адвароце асабістай пячаткай майстра — “FOTOGRAF M. Lew Pruzana”.
На гэтым, на першы погляд, нічым не прыкметным здымку вы бачыце настаўнікаў-інструктараў Пружанскай яўрэйскай пачатковай школы, якая насіла імя прызнанага класіка яўрэйскай літаратуры Іцхака-Лейбуша Перэца.
А элегантны мужчына ў капелюшы — ніхто іншы, як вядомы амерыканскі пісьменнік яўрэйскага паходжання Іосіф-Маер Апатоўскі (Апатошу), які сябраваў з Перэцам і пад яго чулым кіраўніцтвам рабіў свае першыя літаратурныя крокі.
Усе творы Апатошу напісаны на ідышы, толькі некаторыя, у прыватнасці, трылогія, прысвечаная паўстанню 1863 года, пераведзены на рускую мову.
Адной з галоўных тэм у творчасці Апатошу было жыццё яўрэйскіх эмігрантаў у ЗША, якія ў свой час прыбылі ў Амерыку з Усходняй Еўропы. Для развіцця тэмы ў 30-х гадах мінулага стагоддзя пісьменнік неаднаразова прыязджаў у СССР і Польшчу.
У адзін з такіх візітаў ён і завітаў у Пружаны, дзе шанавалі памяць пра яго памерлага сябра.