У архіве былой настаўніцы Пружанскай школы-інтэрната Эльвіры Васільеўны Зелянькевіч захавалася вось такая фатаграфія: школьнікі рыхтуюцца да чытацкай канферэнцыі.
Дарэчы, у свой час яна размяшчалася ў «раёнцы» («Зары камунізму»), аўтар фота — Анатолій Міхайлавіч Ганчароў.Тэма канферэнцыі для сучасных школьнікаў выглядае, напэўна, незразумелай і надуманай: «Каго з герояў кніг мы возьмем з сабой у камунізм?». Але яна здавалася актуальнай для пакалення, якому за тры гады перад тым на 22-м з‘ездзе КПСС быў абвешчаны хуткі надыход светлай будучыні (фота было зроблена 1 снежня 1964 года). На гэтым здымку — вучань 8 класа Аляксандр Арцёменка, вучаніца 7 класа Валянціна Бутрым, старшая піянерважатая Лізавета Андрэеўна Жабко, старшыня савета піянерскай дружыны дзесяцікласніца Галіна Лапырыс. Чытае сваю любімую кнігу «Бі, барабан!» шасцікласнік Іван Крывецкі.
Прайшоў час — і пераасэнсаваны многія ідэалы мінулых гадоў, памяняліся прыярытэты. А добрыя кнігі, з героямі якіх сапраўды хочацца ісці па жыцці, засталіся.
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.