Понедельник, 2 октября 2023

Гісторыя з фатаграфіяй. Якімі мы памятаем савецкія ранішнікі?

720

Мы сталеем, адна падзея змяняе другую, кола жыцця круціцца ўсё хутчэй і хутчэй. Але напярэдадні Новага года, дакрануўшыся да далікатных ёлачных цацак і ўдыхнуўшы пах ялінкі, на імгненне спыняемся і… вяртаемся ў дзяцінства. А там — зусім яшчэ маладыя бацькі, смешныя шкляныя звяркі і пераліўныя шары, водар мандарынаў, арэхі і цукеркі, падарункі, мітусня на кухні… Чым бліжэй свята, тым ярчэйшыя ўспаміны пра самыя радасныя і шчаслівыя моманты жыцця.

Сучасныя мамы і таты не надта задумваюцца над тым, дзе ўзяць навагодні ўбор для свайго дзіцяці: гатовыя разнастайныя касцюмы любімых казачных персанажаў сёння можна купіць у краме ці ўзяць напракат. Пра такі цуд нашы бацькі маглі толькі марыць, бо ім даводзілася самім рабіць убранні з падручных, часам самых неверагодных матэрыялаў. У ход ішлі марля, вата, цюлевыя фіранкі, паралон, разбітыя ёлачныя цацкі, пацеркі, мішура і іншыя дробязі, якія збіраліся на працягу ўсяго года.

Падрыхтоўка да ранішніка аб’ядноўвала ўсю сям’ю на некалькі вечароў і стварала перадсвяточны настрой. Гэта быў цэлы рытуал: мама выкройвала з накрухмаленай марлі пышныя ніжнія спадніцы для касцюма сняжынкі і прышывала мішуру да выбранай сукенкі, а тата майстраваў «крыштальныя туфлікі» з чэшак і карону з кардону, ваты і розных бліскучак.

З «зайчыкамі» было прасцей: да цёмных шорцікаў прышываўся футравы хвосцік, а вушкі мацаваліся на кардонны абруч або выкройваліся з тканіны, у якую набівалася вата і ставіўся дрот для ўстойлівасці. І ўсё, касцюм гатовы, такіх на кожным навагоднім ранішніку ў дзіцячым садку заўсёды было шмат.

Трэба сказаць, што ранішнікі не адрозніваліся разнастайнасцю роляў. Дзяўчынкі практычна ўсе былі сняжынкамі ці казачнымі прынцэсамі, а хлопчыкі — зайчыкамі. І ў гэтых смешных і мілых касцюмах савецкія дзеці з гонарам крочылі да ёлкі і, хвалюючыся, чыталі завучаныя вершы Дзеду Марозу і Снягурцы, загадвалі жаданне і фатаграфаваліся побач з імі…

Дарагія сябры, давайце напярэдадні Новага года ўспомнім, як гэта было, а таксама раскажам і пакажам нашым дзецям і ўнукам! Для гэтага музей-сядзіба «Пружанскі палацык» аб’яўляе збор фатаграфій навагодніх ранішнікаў савецкіх часоў для стварэння фотавыставы. Усе фота будуць сканіравацца і адразу вяртацца ўладальнікам.

Успомнім савецкі Новы год разам!

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»