Пасля вайны асноўныя магазіны размяшчаліся на плошчы ў цэнтры Пружан: за трыбунай і помнікамі Леніну-Сталіну выстраіліся ў рад хлебны, мясны, прамтаварны, кніжны…
У магазіне з шыльдай «Хлеб» стаялі высокія шкляныя стэлажы-вітрыны, якія круціліся. У сярэдзіне 1960-х яны здаваліся шыкоўнымі, падобныя бачыла на ілюстрацыях у кнізе «Аб смачнай і здаровай ежы». Тут паасобку ляжалі чорны хлеб, батоны і сайкі, але самымі смачнымі для мяне былі абаранкі, шчодра пасыпаныя макам. І ў краме, і вакол яе стаяў апетытны пах свежага хлеба.
Доўгі час прадукцыю хлебазавода развозілі па магазінах у фургончыку, запрэжаным канём, а пазней у якасці цяглавай сілы выкарыстоўвалі трактар. З гэтым трактарам у мяне звязаны не вельмі радасны ўспамін: аднойчы ад яго кола адкруцілася нейкая гайка і паляцела праз плошчу. У канцы яе траекторыі якраз знаходзіўся мой лоб: з мамай і бабуляй, якія моцна трымалі мяне за рукі з двух бакоў, мы якраз ішлі з магазіна. Футра з капюшонам змякчыла ўдар, так што справа абышлася лёгкім пярэпалахам. Але доктар прапісаў некалькі дзён пасцельнага рэжыму, і так прыемна было «хварэць», акружанай клопатам дарослых. І праз паўстагоддзя ўспамінаюцца гэтыя адчуванні. Аднекуль з‘явіліся нават апельсіны — надзвычайная рэдкасць у Пружанах на тыя часы.
Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Наталлі АНДРУСЕВІЧ.