Понедельник, 16 сентября 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Вясковы настаўнік

2 275

Гэты фотаздымак датаваны ажно 1910-м годам. Надпіс на зваротным баку сведчыць, што Стэфан Якаўлевіч Леанчук дорыць сваё фота на добрую памяць маёй бабулі. Падстава абмяняцца фотаздымкамі была: якраз у тым годзе бабуля выйшла замуж і з‘язджала з Пружан на месца службы майго дзядулі.

Але кім быў вельмі малады, але ўжо адзначаны нейкім медалём чалавек, які ганарліва пазірае з фотаздымка?

Невялікае даследаванне «Памятных кніжак Гродзенскай губерні» адказала на гэтае пытанне: вясковым настаўнікам. У тыя гады Стэфан (Сцяпан) Леанчук працаваў у царкоўна-прыходскай школцы вёскі Якавічы.

Што тычыцца ўзнагароды, то гэта — сярэбраны медаль «У памяць 25-годдзя царкоўна-прыходскіх школ», зацверджаны ў Расійскай імперыі ў 1909 годзе. Кола асоб, якія маглі атрымаць юбілейны медаль, было дастаткова шырокае, тым не менш, у жыцці вясковага настаўніка, напэўна, узнагароджанне стала сапраўднай падзеяй.

Зыходзячы з таго, што фота зроблена ў гродзенскім фотаатэлье Гельгора, можна ўявіць, што ўзнагароду ўручалі ў губернскім цэнтры і малады настаўнік адразу паспяшаўся ўвекавечыць урачысты момант свайго жыцця.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.