Злева — заасфальтаваная вуліца, справа — брукаваная плошча, а якраз пасярэдзіне экскаватар траншэю капае. Не, гэта не брукоўку на вуліцы Савецкай здымаюць: падобная падзея адбылася не намнога, але пазней.
Шчыра кажучы, з датаваннем фота вызначыцца было складана. Зразумела, што зроблена яно не раней, чым у сярэдзіне 1960-х: ужо стаяць будынкі і ўнівермага, і рэстарана. А мяркуючы па тэхніцы, напэўна, і пазней…
Гісторыю расказала былая старшыня гарвыканкама Ніна Рыгораўна Васечка. Калі напачатку 1970-х на Савецкай пабудавалі першую пяціпавярхоўку (дом №4, каля Свята-Аляксандра-Неўскага храма) і падвялі туды ваду, пачаў ірвацца водаправод. Гэтага варта было чакаць: не вытрымалі старыя водаправодныя сеткі, калі на іх далі высокі ціск. Але ціск змяншаюць – на верхнія паверхі дома вада не паступае…
І вось перад будаўніцтвам наступнага дома — №6 – знайшлі сродкі на новы водаправод. Яго правядзенне стала падзеяй, годнай адлюстравання на фотаздымку.
Ірына СЯДОВА.