Пятница, 13 декабря 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Сонца ў вітрынах універсама

670

Яшчэ адзін фотаздымак-прывітанне з апошняй чвэрці XX стагоддзя. Гарадскі ўніверсам. У 1971-72 гадах значна перабудоўвалася цэнтральная плошча Пружан. Быў знесены шэраг невялічкіх магазінчыкаў, дзе паасобку прадаваліся хлеб, мясныя вырабы, кнігі, і на гэтым месцы выраслі дзве пяціпавярхоўкі: дамы №4 і №6 па вул. Савецкай. Уздоўж апошняга і пабудавалі новы прадуктовы магазін кааператыўнага гандлю.


Здавалася, што прасторны магазін задаволіць усе патрэбы мясцовых гаспадынь. Аднак тагачасны гандаль наогул не вельмі радаваў таварамі. Па-ранейшаму выстройваліся чэргі па «бегавых» курэй, малако і смятану ў бітонах, па-ранейшаму каўбасу і апельсіны прывозілі з паездак у Мінск і Маскву, а смачныя цукеркі і «Рыжскі бальзам» — з Прыбалтыкі.


Не вельмі зручным аказаўся тыпавы будынак і для прадаўцоў: праз вялізныя вокны-вітрыны летам паліла сонца, а зімой пранікаў холад.
Але супрацьпаставіць яму тады ў Пружанах практычна не было чаго (хіба прыватнікаў, якія гандлявалі на рынку, і «закрыты» магазін «Ваенгандлю», дзе атаварваліся па пропусках), не канкурыравалі паміж сабой і вытворцы прадукцыі.


Зразумела, усё гэта было звыклым, як і словы «дэфіцыт» і «блат», і ніхто ад голаду не пакутаваў, хаця на набыццё прадуктаў часам трацілася шмат часу і намаганняў. Але падумалася раптам: каб сённяшнюю прадуктовую разнастайнасць (толькі сыроў пружанскай вытворчасці ў фірменным магазіне паўтара дзясятка гатункаў на выбар) пабачылі пружанцы ў далёкім 1985 годзе, калі зроблена гэтае фота? Далібог, вачам сваім не паверылі б…
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Сяргея ШВЕДА.