Суббота, 15 февраля 2025

Гісторыя з фатаграфіяй. След вайны…

670

Лета 1944 года. Беларусь вызвалена. Хутка ўсё будзе як раней, як да вайны. Мой 15-гадовы брат Лёня Аўдзей, даведаўшыся, што ў Пружанах адкрываюць школу, хуценька сабраў усе неабходныя дакументы і заспяшаўся ў горад.


Суседкі, даведаўшыся пра гэта, пацягнуліся да нас у дом з лістамі-трохкутнікамі на фронт сваім мужам, братам, сынам: каб брат адправіў з райцэнтра.
Гэта была цёплая жнівеньская раніца. Лёня пайшоў, а мы з мамай адправіліся жаць проса. Але час ішоў, брат не вяртаўся, мама з трывогай паглядвала на дарогу… Раптам недзе далёка прагрымеў страшны выбух. Мама міжволі здрыганулася і сказала: «Нечая душа адляцела!». А ўжо пад вечар у нашым двары з’явіўся незнаёмы мужчына. Ён паказаў нам гэта фота, прабітае асколкам, і спытаў: «Ці не Ваш гэта сын?». Мама імгненне маўчала, а потым страціла прытомнасць.
Той выбух забраў жыццё майго брата: Лёня падарваўся на міне. Такая вось недарэчная смерць падлетка, які не паспеў рэалізаваць свае планы. А фота… Фота было са школьнымі дакументамі ў кішэні ў Лёні, і на ім назаўсёды застаўся след той праклятай вайны. Вось такая трагічная гісторыя ў гэтай фатаграфіі. Вечная памяць усім загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вера Васільеўна ЧЭРНІК, 85 гадоў, аг. Клепачы Пружанскага раёна.