Воскресенье, 13 октября 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Школа, настаўнікі, кветкі…

1 145

Напэўна, гэтае фота зроблена не ў Дзень настаўніка: яшчэ не пажоўкла лістота на дрэвах. Заканчэнне школьных экзаменаў? Пачатак навучальнага года? Жнівеньскі педсавет?


Галоўнае не гэта, а тое, што ў настаўнікаў СШ №2 была падстава зрабіць фота побач з роднай школай. Яно датавана 1964 годам. Толькі тры гады прайшло, як школа перасялілася ў новенькі трохпавярховы будынак па вуліцы Камуністычнай. Гэта была першая пасля вайны будоўля падобнага кшталту. Ёй радаваліся, яе ўпрыгожвалі. Ва ўладкаванні шматлікіх кветнікаў і клумбаў прымалі ўдзел школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Івана Васільевіча Вайцяховіча (на здымку ён крайні злева). Кветкі бачны за плотам (падобных белых «ажурных» платоў у Пружанах на той час было шмат). У руках намесніка дырэктара Аляксандры Міхайлаўны Несцярук — таксама кветкі.
Многае змянілася з таго часу. Цяпер вуліца носіць імя Рыгора Шырмы, а школа атрымала статус гімназіі. Пасля капітальнага рамонту будынак выглядае сучасна. Але па-ранейшаму квітнеюць клумбы ў двары, а настаўнікі напярэдадні прафесійнага свята вяртаюцца дадому з кветкамі…
Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Т.М.Вайцяховіч.