І яшчэ адно настальгічнае фота. На гэты раз — з калекцый Сяргея Шведа.
Ранняя вясна 1985 года. Час здымкі лёгка датуецца па плакаце да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Чамусьці вялізныя шыльды з напамінам пра памятныя даты і нагляднай агітацыяй рознай тэматыкі заўсёды змяшчаліся ў гэтым прамежку — паміж будынкам тагачаснага суда і дамамі па вул. Сацыялістычнай. Магчыма, у нейкай ступені яны дапамагалі закрыць сціплы драўляны плот, яркай плямай упрыгожыць цэнтральную плошчу.
Але на той час нас не вельмі палохала сціпласць гарадскіх упрыгожанняў. Да многага прывыклі. А яшчэ ведалі, што вось-вось з‘явіцца лістота на дрэвах і гэтая часовая непрывабнасць схаваецца пад багаццем буйных зялёных крон. Да «Дажынак», пры падрыхтоўцы да якіх знясуць гэтыя будынак і плот, заставалася амаль два дзясяткі гадоў…
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас захаваліся памятныя фотаздымкі, гісторыі, якімі хочаце падзяліцца ў гэтай рубрыцы, тэлефануйце нам па нумары 9-12-36 або пішыце на электронную пошту rrbud2@brest.by