Пятница, 14 февраля 2025

Гісторыя з фатаграфіяй. Помнік каля вёскі Слабудка

345

Гэтае месца пахавання ахвяр фашысцкага тэрору можна назваць самым буйным на Пружаншчыне і ў той жа час, напэўна, адным з самых загадкавых. Мне здаецца, нават не ўсе ведаюць пра помнік у лесе, а трапіць сюды з першай спробы не кожнаму ўдасца, хаця ад былога ваеннага гарадка Слабудка — усяго кіламетры паўтара.

Амаль адразу пасля вайны на месцы масавых расстрэлаў у Ліноўскім лесе працавала спецыяльная камісія. Па ўспамінах відавочцаў, быў раскапаны адзін роў з астанкамі ахвяр, падлічана колькасць пахаваных тут. У дакуменце, падрыхтаваным у гэты перыяд, пазначаны прыкладныя лічбы: 10 000 забітых мірных жыхароў, партызанаў і падпольшчыкаў і 1000 ваеннапалонных. Менавіта гэтая лічба ўвайшла ў пашпарт воінскага пахавання. У той жа час у «Зводзе помнікаў гісторыі і культуры. Брэсцкая вобласць» называецца ўсяго 3000 загінулых. Далейшая вышуковая работа вядзецца. Як кажа краязнаўца Наталля Пракаповіч, удалося знайсці звесткі пра 300 чалавек, пахаваных тут.

У «Зводзе» ўказана, што ў 1965 годзе на месцы пахавання ўзведзены абеліск. Вось ён, на фотаздымку. Цяпер гэтае месца змяніла выгляд: помнік абноўлены, агароджа знікла. Хоць парадак вакол наводзіцца, але лес пакрыху зацягвае раны на сваім целе. Расстрэльныя равы даўно зараслі сунічнікам, і чырвоныя ягады, як кроплі крыві бязвінных ахвяр, нагадваюць: прыдзіце сюды, спыніцеся…

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова