1 верасня – знакавая дата для кожнага чалавека. Яна аб‘ядноўвае пакаленні. Юных збірае ў школьныя класы: з сённяшняй лінейкі пачынаецца чарговы вучэбны год, які прынясе новыя радасці і хваляванні, напружаную працу і цікавае падарожжа ў свет ведаў. Людзям сталым нагадвае пра дзяцінства і юнацтва, школьных сяброў і настаўнікаў. А некаму – і пра сваю адказную і адданую працу педагога. Адным словам, кожны з нас з замілаваннем сёння гартае старонкі альбомаў, і гады нібы раствараюцца ва ўспамінах…
Мы прапануем падборку фотаздымкаў са старых альбомаў жыхароў Пружан.
1-3. Школьныя лінейкі ў СШ №1 – драўлянай школе, якая некалі размяшчалася на месцы цяперашняга Палаца культуры ў Пружанах (у 1977 годзе школа пераехала ў новы будынак па вул. Леніна). А гэтыя фота зроблены ў першай палове 1960-х гадоў, калі тут працавалі маладыя настаўніцы Лія Мікалаеўна Алякумава і Зінаіда Аляксандраўна Строк. У 1966 годзе на вуліцы Кастрычніцкай была пабудавана СШ №3 і абедзьве жанчыны перайшлі сюды. Зінаіда Аляксандраўна стала маёй першай настаўніцай, Лія Мікалаеўна выкладала матэматыку ў 5-10 класах.
4-5 Лінейкі ў тагачаснай школе-інтэрнаце (цяпер СШ №4), 1978 год.
6-7. Гэта таксама школа-інтэрнат, але другая палова 1960-х. Маленькія вучні апрануты ў сінія форменныя касцюмчыкі (такую форму ўвялі ў гэты час, але праіснавала яна вельмі нядоўга, хаця была вельмі зручнай). А на другім здымку выпускнікі рыхтуюцца да агульнага фатаграфавання, на першым плане дырэктар школы-інтэрната Васіль Максімавіч Зелянькевіч.
8. Сярэдняя школа №2 (цяперашняя гімназія), год 1964. Усяго два гады, як для яе быў узведзены новы будынак і вучні пад кіраўніцтвам Івана Васільевіча Вайцяховіча з задавальненнем пачалі ўпрыгожваць тэрыторыю кветкамі. Дарэчы, праз некалькі гадоў у многім дзякуючы гэтаму настаўніку біялогіі ў Пружанах заквітнелі ружы
9. А гэта мае аднакласнікі ў 1976 годзе. Я люблю вас.
Ірына Сядова.
Фота з архіва аўтара, а таксама старажыла Пружан Івана Міхайлавіча Алякумава, сям‘і Антонавых, Аляксандра Вайцяховіча.