Воскресенье, 7 июня 2026

Гісторыя з фатаграфіяй. Пастушкі ваенных гадоў

785

Неверагодная гісторыя гэтага фотаздымка, які прынесла ў рэдакцыю Таццяна Бандарская. Ён зроблены ў 1942 годзе, падчас нямецкай акупацыі, за вёскай Арабнікі.

Вясковыя хлапчукі зараблялі тым, што наймаліся ў пастухі. Уласную гаспадарку тады трымалі многія, а абавязак выпасвання жывёл клаўся на зусім, як цяпер здаецца, малых дзяцей: дарослыя і падлеткі з 14 гадоў абавязаны былі працаваць.

Таццяна Уладзіміраўна ўзгадала, што тата яе, Уладзімір Піліпавіч Зеляняк, жыў на хутары Абэржа (пазней на гэтым месцы размясцілася ўзлётная паласа засімавіцкага аэрадрома). Разам з сябрукамі раніцай бег у Пружаны, на Хватку, і выводзіў адтуль гурт кароў на выпас.

Нямецкі паштальён, які ехаў міма пастушкоў, сфатаграфаваў іх, а ўжо пасля вызвалення Пружан у фотаатэлье нейкім цудам не толькі знайшлі негатыў і адпячаталі з яго фота, але і аддалі здымак па прызначэнні, Валодзевай маці.

На здымку Валодзя Зеляняк крайні злева, на той час яму было 9 гадоў. Побач — Валодзя Казбяровіч, сярод іншых ёсць хлапчукі па прозвішчы Багдановіч і Шэпель. Заўважце: мяркуючы па вопратцы, на вуліцы далёка не гарачае надвор‘е, тым не менш, ногі босыя. Хадзілі так да снегу.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова