Чым цікавы менавіта гэты фотаздымак з выявай Пружанскага палацыка?

Падобныя віды акупіраваных падчас Першай сусветнай вайны гарадоў масава выкарыстоўваліся нямецкімі вайскоўцамі ў якасці паштовак. Адваротны бок гэтага фота таксама ўтрымлівае пасланне дадому, адпраўленае палявой поштай з Пружан 5 жніўня 1916 года. Надпіс зроблены “хімічным” алоўкам па-нямецку: “Дарагія бацькі! Сёння вечарам атрымаў абедзве паштоўкі. А таксама атрымаў 4 пасылкі з мёдам, цукрам, цыбуляй, маслам, варэннем з агрэсту, батарэйкі, тытунь і цыгарэты. 5 марак я так і не атрымаў… А.Швайцэр, Е.К.Р., армейскага атраду Войрша на ўсходзе. Палявая пошта 158.” Атрымальнік паштоўкі – Карл Швайцэр, Штрасбург/Эльзас.
Нейкі час у перыяд ПСВ у палацыку знаходзіўся нямецкі штаб, але на гэтым здымку сцяга не бачна. Адметна, што агароджа парку знаходзіцца далей ад палацыка, чым зараз. Сядзібная тэрыторыя захоплівае цяперашнюю вуліцу Урбановіча.
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.