Вы ніколі не задавалі сабе пытанне, наколькі аддаленае мінулае можа лічыцца гісторыяй? Мне некалі здавалася, што гэта павінен быць прамежак часу калі не ў 100, то хаця бы ў 50 гадоў.
Але не-не, ды і сустрэнешся ў сацыяльных сетках з каментарыямі да фатаграфій, зробленых ужо ў 21-м стагоддзі: маўляў, дзе гэта, што гэта? І разумееш, што падрасло пакаленне, якое не памятае, ды і не можа памятаць у сілу свайго ўзросту, падзеі, здавалася б, зусім нядаўнія. Для 20-гадовых нават «Дажынкі-2003» — ужо далёкая гісторыя.

У рэдакцыйным архіве, дарэчы, няшмат фатаграфій перыяду падрыхтоўкі да «Дажынак»: журналісты ўсё імкнуліся пачакаць, пакуль «прыгожа стане». Таму такія вось здымкі разбуранага горада літаральна адзінкавыя. З лёгкай усмешкай цяпер узгадваеш уздыблены асфальт, вуліцы, перарэзаныя кіламетрамі траншэй пад камунікацыі, будаўнічыя рыштаванні ледзь не на ўсіх будынках у цэнтры, парваныя за лета тры пары басаножак, пыл, бруд, лужыны ва ўсіх магчымых і немагчымых кутках. Падобны пейзаж за год-паўтара стаў звыклым.

І раптам… Нібыта ў адзін дзень зачырванелі-заблакітнелі новапабудаваныя і адрамантаваныя дахі, усміхнуліся чыстымі вокнамі свежапафарбаваныя фасады дамоў, зазелянелі газоны, на тратуарах з‘явілася небачаная раней плітка, роўныя асфальтавыя стужкі дарог прамянямі раскаціліся ад цэнтра да ўскраін горада. І сам цэнтр змяніўся непазнавальна: памаладзеў, напоўніўся паветрам, а шэрая бетонная каробка «даўгабуда» аказалася цудоўным Палацам культуры.
Ужо праз нейкія паўгода пра нязручнасці падчас рамонтаў гараджане забыліся, а да абнаўленняў прывыклі: да добрага прызвычайваешся хутка. Так у нашым райцэнтры з‘явіўся новы адлік часу: да і пасля «Дажынак».
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова. Фота з архіва рэдакцыі