Среда, 13 ноября 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Нямецкі «парадак»

756

Своеасаблівы працяг тэмы «працоўнага лета» знайшла ва ўласнай калекцыі фотаздымкаў перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі 1941-1944 гадоў.
Згодна з нямецкім «парадкам», усталяваным у тым ліку і ў Пружанах, падлеткі з 14 гадоў абавязкова працаўладкоўваліся. Іншыя варыянты проста не разглядаліся, і адтэрміновак у сувязі з вучобай не існавала. Хлопцаў і дзяўчат, каму споўнілася 17 гадоў, вывозілі на работы ў Германію (але тут ужо былі варыянты).


Верхні здымак датаваны 1 мая 1943 года. Знята на ім сталярная майстэрня. Вучнем у яе трапіў Леанід Антонавіч Валасевіч, якому на час фатаграфавання было 15 гадоў: ён другі злева. На здымку бачна, што сталярнай справе вучацца яшчэ некалькі хлопцаў-падлеткаў, а справа нават стаіць дзяўчына (зразумела, яна магла проста прынесці бацьку абед). Я магу памыляцца, але чамусьці здаецца, што дата фатаграфавання выбрана невыпадкова: рабочыя насуперак усім «парадкам» вырашылі адзначыць Першамай.


Другі здымак, каля будынку майстэрні, пазначаны 4 сакавіка 1944 года. Постаць, якую спрабавалі сцерці, — магчыма, наглядчык, паліцай або нямецкі салдат, які захацеў сфатаграфавацца разам з рабочымі.
Ірына СЯДОВА.