Нейкая вельмі непедагагічная гісторыя ўзгадалася, калі ўзяла ў рукі гэтае фота. Яно можа быць датавана 1970 годам: новая бальніца ў Пружанах з‘явілася ў 1968-м, а на гэтым здымку дрэўцы ў бальнічным двары зусім кволыя, насаджэнням не больш за год-два.
Калі пачалі бальніцу будаваць, слова «лячыцца» нас, дзяцей, яшчэ не натхняла. Але само ўзвядзенне сучаснага на тыя часы будынка было значнай падзеяй. Не так многа тады стаяла ў Пружанах дамоў, вышэйшых за адзін паверх. Таму неаднаразова бегалі глядзець на новабудоўлю. А аднойчы, якраз у гэтай прыбудове паліклінікі з яшчэ неатынкаванымі сценамі, непакладзенай падлогай, вясёлай кампаніяй (малодшаму — пяць, старэйшым — па сем гадоў) наладзілі гульню.
Вартаўнік заспеў нас у той момант, калі адкручвалі вентыль у зварачнага балона. Балон шыпеў, мы затойвалі дыханне ад страху, але круціць працягвалі… На самай справе, усе страхі былі нішто перад «злым дзядзькам», які пагражаў усімі пакутамі непаслухмяным дзецям.
Аказалася, праўда, што бегаем мы намнога хутчэй, чым ён, нават ставім уласныя рэкорды. Спыніліся толькі пад старымі бярозамі каля бальнічнага саду. І ў новую паліклініку з мамай я яшчэ пэўны час хадзіла з апаскай: а раптам вартаўнік яшчэ недзе побач?
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.
Фота з архіва Таццяны Мікалаеўны Крац.