Суббота, 14 декабря 2024

Гісторыя з фатаграфіяй: на піянерскі злёт у какошніку

597

Піянерскі гальштук і рускі какошнік?! Пагадзіцеся, вельмі нечаканае і каларытнае злучэнне! Карціну праясніла 98-гадовая жыхарка Пружан Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч (у дзявоцтве Казадаева), якая і красуецца на здымку.

У 1945 годзе жанчына прыехала ў Пружаны з г.Смаленска, каб праведаць сваю сястру, якая працавала ў лётнай сталовай вайсковай часці (гэты чырвоны цагляны будынак ля Белых лавак стаіць і цяпер). Заадно хацела ўгаварыць яе пераехаць да брата ў Куйбышаў: вельмі ўжо вабілі сваёй перспектывай паволжскія абшары. Але бацькі настаялі на сваім, дзяўчыны засталіся і больш не расставаліся.
— Беларусь здалася мне багацейшай за родную Смаленшчыну. Тут хоць есці было што. У нас жа і хлеба тады не было, — тлумачыць Еўдакія Мікітаўна сваё рашэнне.
Яна хутка ўладкавалася на працу ў Смаляніцкую сямігодку настаўніцай пачатковых класаў і піянерважатай.
— І вось у маі 1946 года ў Пружанах на базе школы № 1 праходзіў абласны злёт, у якім я са сваімі пяццю падапечнымі прымала актыўны ўдзел. Урачысты мітынг праходзіў каля помніка Леніну, што тады стаяў насупраць універсама. Дзецям павязалі чырвоныя гальштукі і ўручылі сувеніры. А потым усе разам рушылі ў школу, дзе агульнымі намаганнямі піянераў была наладжана вялікая выстава дзіцячых творчых работ. А паколькі я была “ўсходніца”, дарэчы, так мяне часта і называлі, то сярод самаробных сувеніраў аказаліся і рускія какошнікі. У знак свята я надзела адзін з іх сабе на галаву. Весела і ў той жа момант урачыста! Дарэчы, дадам, што калі мы з дзецьмі вярнуліся ў Смаляніцу, то ўсе вяскоўцы збегліся паглядзець на падарункі, якія мы атрымалі на злёце: каляровыя алоўкі, сшыткі, кнігі. А выдатнік Пеця Паўлюковіч быў узнагароджаны нават кашуляй.