Понедельник, 9 декабря 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Мой самы першы Дзед Мароз

458

Выбачайце, але пад стары Новы год мне хочацца ўзгадаць уласнае дзяцінства і свайго самага першага Дзеда Мароза.

Так сталася, што ў дзіцячы садок я не хадзіла: з намі жыла бабуля, якая з задавальненнем (так мне здавалася) выконвала абавязкі па гадаванні і выхаванні. Тэлевізараў напачатку 1960-х яшчэ не было, не кажучы пра іншыя гаджэты для прагляду мульцікаў, да якіх прывыкаюць сённяшнія дзеці з самага нараджэння. У выніку першае знаёмства з Дзедам Марозам стала сапраўднай шокавай тэрапіяй.

А дарослыя так імкнуліся зрабіць падарунак дзіцяці! Дзядзька Лёня Валасевіч, які актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, пазычыў касцюм у Доме культуры. Як потым ён расказваў, калі пераапрануты ішоў па вуліцах Савецкай і Тармасава, яго суправаджаў натоўп дзяцей: з‘яўленне ў Пружанах казачнага персанажа было ў навінку. Але сюрпрыз для любімай пляменніцы атрымаўся зусім не такім, як чакалася. Я да гэтага часу памятаю свой страх і слёзы пры з‘яўленні на парозе вялізнай постаці ў футры і валёнках…

А фота на памяць усё ж засталося. З вялізнай — у столь — жывой ёлкай, на якой акрамя нешматлікіх цацак віселі арэхі, загорнутыя ў бліскучую фольгу, чырвоныя яблычкі і «снежныя» гірлянды з ватных камячкоў. З дзядзькай, якога даўно няма на гэтым свеце. З юнай мамай, на руках у якой было самае надзейнае, самае бяспечнае месца на зямлі. Ды і зараз, праз гады, побач з ёй утульна і спакойна…

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова