Понедельник, 16 сентября 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Мітынг ля брацкай магілы

1 526

На фота — адзін з традыцыйных мітынгаў на гарадскіх могілках. Так, не здзіўляйцеся тыя, хто прывык бачыць іншы помнік над брацкай магілай: цяперашні яго варыянт з‘явіўся ажно ў 1987-м. Да гэтага ж часу абеліск, усталяваны ў 1954 годзе, меў вось такі выгляд, адсутнічалі і пліты вакол з надпісам «Невядомы».


Гэта можа быць канец 1950-х — першая палова 1960-х гадоў. Шматлюдна, але пазнаць каго-небудзь з прысутных у падобным ракурсе немагчыма. Ды і не ў гэтым сутнасць фотаздымка. Прайшло зусім няшмат часу пасля заканчэння самай кровапралітнай вайны — і ў памятным месцы збіраюцца людзі, якія асабіста перажылі гады акупацыі, самі ўдзельнічалі ў вызваленчым руху, змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай.


Што змагло пакінуць нам у спадчыну гэтае пакаленне пружанцаў? Мірнае неба, узняты літаральна з руін родны горад. Чым можам мы даць у адказ? Толькі ўдзячную памяць…
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.
Фота з архіва Алены Яўгенаўны Берняковіч.