Гэты фотаздымак я ўбачыла ў сацыяльных сетках – і сэрца сціснулася ад настальгічнага ўспаміну пра бесклапотнае дзяцінства на вуліцы Тармасава.
1961 год. Брукаваная каменнем вуліца, па якой добра калі раз у гадзіну праязджаў аўтамабіль. Таму дзятва адчувала сябе ў бяспецы, гойсаючы па праезнай частцы (хаця аднойчы я і ўмудрылася сутыкнуцца з матацыклам, але гэта было крыху пазней). Выбітыя пліткі вузкіх тратуараў, ліпы і клёны паабапал дарогі, сквер з традыцыйным помнікам Леніну і «вечная» лужына побач з універмагам…
Драўляны дом, насупраць якога стаяць дзеці, захаваўся да гэтага часу, а таго белага паводдаль — даўно няма.
Будынак з чырвонай цэглы паміж імі — гэта малітоўны дом пружанскай абшчыны евангельскіх хрысціян-баптыстаў. У атэістычныя пасляваенныя часы тут размясціўся раённы аддзел статыстыкі. Пазней будынку вярнулі статус культавага і вернікі царквы ЕХБ адрамантавалі яго, значна змяніўшы выгляд.
Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Людмілы Бычковай (Халоднай).