Вельмі настальгічнае для мяне гэтае фота, датаванае 1976 годам. У 70-х мы, тагачасныя школьнікі, хадзілі ў кіно амаль штодзень, а часам паспявалі пабываць і на двух сеансах: напрыклад, у пяць гадзін вечара — у «Спадарожніку», а ў сем — у «Беларусі». Балазе, што ў іх фільмы круцілі тройчы на дзень.

У дні, калі наладжвалі кінапрэм‘еры, доўгія чэргі выстройваліся каля білетнай касы. Але самай вялікай папулярнасцю карысталіся індыйскія меладрамы, на прагляд якіх людзі ішлі ахвотней, чым нават на славутыя стужкі пра каўбояў і індзейцаў. Падчас іх паказу яблыку ў глядзельнай зале не было дзе ўпасці. А на ганку кінатэатра можна было падслухаць такую размову: «Бабуля, ты насоўкі ўзяла? Мы ж плакаць будзем…»
Яшчэ не намалявана на фасадзе «Спадарожніка» пано, яшчэ Свята-Аляксандра-Неўскі храм агароджаны з боку кінатэатра простай сеткай-рабіцай (пры ўзвядзенні ўстановы кінафікацыі давялося заняць значную частку царкоўнага двара і пераносіць плот).
Афішы, якія засталіся ўвекавечанымі на гэтым фота, запрашаюць гледачоў паглядзець расійскія кінастужкі «Якая ў вас усмешка?» (1974 г.) і «Крыніца ў лесе» (1973 г.). А датаваць фота дапамагае лозунг, які абвяшчае аб такой падзеі, як маючы адбыцца XXV з‘езд КПСС (ён праходзіў 24 лютага — 5 сакавіка 1976 г.).
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Аляксея МАЦЮХІНА.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас захаваліся памятныя фотаздымкі, гісторыі, якімі хочаце падзяліцца ў гэтай рубрыцы, тэлефануйце нам па нумары 9-12-36 або пішыце на электронную пошту rrbud2@brest.by.