У чым адметнасць гэтага здымка? Ён зроблены падчас Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных фашыстамі Пружанах. Гэта мог быць снежань 1941-га, 1942-га або 1943-га гадоў. Дакладная дата, на жаль, не пазначана, але злева ля галінак упрыгожанай ёлкі бачны малітоўны надпіс на нямецкай мове, фотапапера на адваротным баку здымка таксама мае маркіроўку па-нямецку.
Вуліца Тармасава, якая тады называлася Шарашоўскай. Царква Евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Вучні нядзельнай школы адзначаюць вялікае свята Нараджэнне Хрыстова. Нягледзячы на вайну, жыццё працягвалася, нават сціплыя падаруначкі заціснуты ў дзіцячых кулачках. Цікава, пернікі гэта былі ці рэлігійныя кніжачкі? Дарэчы, белыя пухнатыя шапачкі з трусінага пуху на дзяўчынках выглядаюць вельмі сучасна.
Маладыя людзі, што стаяць у цэнтры, – Георгій Еўтуховіч (сябры і родныя называлі яго Жоржам) і Барыс Валасевіч, які кіраваў маладзёжным хорам. Першы пасля вайны пераедзе ў Мінск, стане прафесійным музыкантам і рэгентам у царкве Мінскай абшчыны ЕХБ, другі загіне ў 1945-м, за месяц да Вялікай Перамогі, пад Кёнігсбергам.
Вуліца Шарашоўская ўваходзіла ў тэрыторыю яўрэйскага гета, але баптысцкую царкву не агарадзілі калючым дротам, дазволіўшы здзяйсняць тут богаслужэнні (на нямецкім плане гета будынак проста акрэслены чырвоным квадрацікам). Ад старажылаў чула, што дзякуючы гэтаму ўдалося выратаваць пэўную колькасць яўрэяў. Але дакументальных сведчанняў гэтага, на жаль, не знайшлося.
Ірына СЯДОВА.