Выпаў снег — і захацелася нечага зімовага на гістарычным фотаздымку. Вось такога, напрыклад.

Гэта фота часоў Першай сусветнай вайны. Вуліца пазначана па-нямецку «Bachstrasse», што перакладаецца, як Ручаёвая. Ролю ручая цалкам мог адыгрываць выток Мухаўца, які яшчэ не набраў сваю сілу.
Але паглядзіце, наколькі больш паўнаводнай была рэчка: зараз да вады з берага спускацца і спускацца, а тут каровы на вадапой спакойна падыходзяць. Мне здаецца, што гэта падобна на зарэчны ўчастак вуліцы Янкі Купалы прыкладна каля скрыжавання з вул. Новай, але зноў жа магу памыляцца. Дарэчы, як «Bachstrasse» падпісана на нямецкіх паштоўках 1916 года і само месца зліцця, дзе цяпер стаіць скульптура «Муха і Вец», з відам на мост і вуліцу Вінаградава. Вузенькія масткі былі перакінуты праз рэчку амаль каля кожнай хаты. Падобныя былі і на цяперашняй Набярэжнай вуліцы. Бачыце, наколькі высока ўзняты яны над вадой з улікам магчымага разліву. Але часам і гэтай вышыні не хапала, і жыхары прыбярэжных дамоў перасядалі ў лодкі.
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова