Суббота, 8 февраля 2025

Гісторыя з фатаграфіяй. Гімназіст на вуліцы Пацэвіча

582

Год таму, у жніўні 2019-га, мы пачалі публікаваць у суботніх нумарах «раёнкі» гістарычныя фотаздымкі, падмацаваныя кароценькімі аповедамі. Аказалася, што новая рубрыка зацікавіла не толькі старажылаў, але і людзей сярэдніх гадоў, пэўную частку моладзі. Дзякуй усім, хто дасылае нам свае «гісторыі з фатаграфіямі», удзельнічае ў абмеркаванні.


Зразумела, вельмі прыемна і нечакана было пачуць, што на фота не толькі другой паловы мінулага стагоддзя, але нават на перадваенных людзі ўбачылі сваіх знаёмых і блізкіх. Напрыклад, на здымку 1935 года, дзе адлюстравана сімвалічная перадача зямлі для кургана Пілсудскага, Ангеліна Іванаўна Самусь разгледзела свайго бацьку Івана Старынскага, які працаваў бухгалтарам у Пружанскім старостве.
Не ўсе здымкі атрымалі станоўчыя водгукі. Былі абурэнні з нагоды змяшчэння выяў помнікаў Сталіну. Але ж гэта — таксама значны перыяд у нашай гісторыі, які яшчэ памятаюць сучаснікі. І знарок забыць пра яго — значыць не зрабіць вывадаў, нічому не навучыцца.
Пасля публікацыі фота ваеннага часу, на якім пазіравалі рабочыя сталярнай майстэрні, сталыя чытачы ўзгадалі, што размяшчалася яна недалёка ад старога будынка СШ №1, прыкладна на месцы «дома пад купалам». Вызначылі і недарэчнасць у подпісе да нядаўна апублікаванага здымка 1944-га года, дзе фатографу пазіравала чатыры краўцы, адзін з якіх — Іван Карпеш. У першым справа маладым чалавеку родныя пазналі Мікалая Аляксеевіча Тарасевіча, а ў тым, хто стаіць побач, яго брата Якава.


Заўсёды рады вашым уражанням, заўвагам, каментарыям у сацыяльных сетках. Калі вы беражліва захоўваеце старыя фота-здымкі і гатовы падзяліцца гісторыямі, што расказвалі бабулі і дзядулі, тэлефануйце нам па нумары 9-12-36. Фотаздымкі можна прынесці ў рэдакцыю, або адправіць іх сканы па рэдакцыйнай электроннай пошце RRBud2@brest.by.


А на чарговым здымку — юнак на веласіпедзе едзе па вуліцы Пацэвіча, цяперашняй Савецкай. Падобнае фота, таксама зробленае ў 1930-я гады, мы публікавалі ў мінулым годзе. Але на гэтым бачны касцёл і больш выразная брукоўка на дарозе. Малады чалавек апрануты ў гімназічную форму.
З павагай, вядучая рубрыкі
Ірына СЯДОВА.
Фота ўзята з https://forum.vgd.ru/.