Среда, 6 ноября 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Фота з водарам свежага хлеба

587

Справядліва кажуць: калі хочаш перажыць радасныя моманты жыцця, успомніць былое, пагартай старонкі сямейнага фотаальбома. Зараз звычайна гэтыя альбомы — віртуальныя, але, мне здаецца, намнога каштоўней тыя, што можна патрымаць у руках. Яны захаваліся ў нашых бацькоў, бабуляў і дзядуляў.


Фотаальбом маёй бабулі Ірэны Антонаўны перажыў два пажары. Падчас першага ён амаль не пацярпеў, а пасля другога проста згубіўся пад гарой смецця і попелу. Але ж аказалася, што не гараць не толькі рукапісы, але і фотаздымкі.
Сярод іх кінулася ў вочы зусім маленькая фотакартка, яе памер – 6 х 5 см. На гэтым фотаздымку — работнікі пякарні ў момант выпечкі хлеба. Як бачна, тэхналогія выкарыстоўваецца традыцыйная: прамавугольныя формы з цестам на лапаце адпраўляюцца ў печ.
Жанчына, якая трымае форму з цестам каля печы, – бабуліна сяброўка, Ганна Галюк (у дзявоцтве Раманоўская). Як узгадвае бабуля, фота магло быць зроблена ў 1940-50-я гады. Пякарня размяшчалася ў доме на рагу вуліц Савецкай і Вінаградава. Пазней тут знаходзілася ашчадная каса. Паводле расказаў другой бабулі, якой, на жаль, ужо няма ў жывых, хлебапёкі ў часы вайны мелі сувязь з партызанамі і перадавалі свежыя боханы ім.
Уладзіслаў Шпарла.