У другой палове 20-га стагоддзя да Пружаншчыны дайшла «мода» на рознага кшталту скульптуры — сімвалы эпохі. Знакамітай дзяўчыны з вяслом, здаецца, не было, але выявы жанчын і дзяўчат з каласамі, снапамі, птушкамі, кніжкамі, піянераў з адпаведнай атрыбутыкай упрыгожвалі школьныя двары, скверы, перасячэнні вуліц.

Былі скульптуры, зразумела, з ліку недарагіх, таму з часам яны выглядалі не вельмі прыгожа. Да знікнення адной з апошніх — манументальнай жанчыны з голубам міру, якая некаторы час стаяла на скрыжаванні Савецкай і Чырвонаармейскай, — дарэчы, прыклала руку (журналісцкае пяро) і наша «раёнка». Хутка пасля публікацыі артыкула ў сярэдзіне 1980-х скульптуру, з якой тырчала арматура, замянілі на кампазіцыю «Мацярынства». Яна і сёння стаіць тут.
А выява, якую вы бачыце на гэтым здымку, у 1960-х гадах упрыгожвала сквер па вуліцы Чырвонаармейскай (у 1972 годзе тут з‘явіўся іншы помнік, увекавечылі памяць лётчыка Сцяпана Гудзімава).
Ажурная агароджа з белай цэглы, клумба, сцежкі, лавачкі і калодзеж са смачнай вадой — такім быў сквер у тыя часы.
Дзяўчына, якая пазіруе на фота, наша былая калега — журналістка Людміла Васільева.
Ірына СЯДОВА.