Спяваць пружанскія жыхары любілі ва ўсе часы. І ўмелі, зразумела. Старажыл Мікалай Іванавіч Ляхоцкі ўзгадвае: “Бедна жылі, босыя хадзілі, але як весела было! Як свята якое – чутно было, як спявалі і на Горцы, і на Хватцы, і на Патапаўцы, і на Дзярэчыне”.

Усё той жа Анджэй Свяньціньскі, пра якога мы ўзгадвалі ў мінулым выпуску рубрыкі, прызнаецца, што вельмі цьмяна прыпамінае святкаванне павятовых дажынак у Пружанах у 1930-х гадах. Тым не менш, гэтая фраза – ужо сведчанне таго, што падобныя ўрачыстасці былі традыцыйнымі.

“Значна лепш, — піша пан Анджэй, — памятаю святкаванні засімавіцкія (маёнтак Засімавічы належаў яго маці Яўгеніі, па нараджэнні Чарноцкай – Заўв. аўт.). Памятаю, як прыгожая жняя Вольга Ракіцкая спявала перад маёнткам дажынкавыя песні, і пачастунак для ўдзельнікаў жніва, і іх танцы. Мае родныя таксама танцавалі разам з гасцямі, якія з‘язджаліся з нагоды свята”…
А гэтыя фотаздымкі, датаваныя 1930-мі гадамі, зроблены падчас святкавання дажынак у вёсцы Сланімцы. На здымку ўнізе – сланімцоўскі хор, стаіць у цэнтры Павел Лазаравіч Стасевіч.
Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Л.І. Шчапачовай.